Сужэнцы змогуць аднавіць свае абяцанні любові падчас урачыстасцей Божай Маці ў Браславе
20 жніўня, Мінск /Уладзімір Васількоў - БЕЛТА/. Сёлета ўрачыстасці ў санктуарыі Маці Божай Каралевы азёраў у Браславе абяцаюць быць вельмі насычанымі. Пра гэта паведамілі БЕЛТА ў сакратарыяце Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі.
Цэнтральныя мерапрыемствы пройдуць 21-22 жніўня. У санктуарыі Віцебскай дыяцэзіі РКК збяруцца не толькі святары і міраны з Беларусі, але і мноства гасцей з-за мяжы (з Італіі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі і Украіны). Тэматычным лейтматывам урачыстасцей стане святасць сужэнства і сям'і. У гэтыя дні ў Браславе мужы і жонкі з розных куткоў Беларусі адновяць перад абразом Каралевы свае сужэнскія абяцанні.
Па завяршэнні ўрачыстасцей 22 жніўня каталікі, якія прайшлі адпаведную падрыхтоўку, атрымаюць магчымасць прыняць сакрамэнт хрысціянскай сталасці - елеапамазанне. -0-