Сувенірную прадукцыю да чэмпіянату свету па хакеі 2014 выпускаюць прадпрыемствы Віцебскай вобласці
Пакуль завяршаюцца апошнія падрыхтоўчыя работы да правядзення ў Беларусі чэмпіянату свету па хакеі, прадпрыемствы гандлю спяшаюцца рэалізаваць тэматычную сувенірную прадукцыю. Рэспубліканскія інфармацыйныя крыніцы паведамляюць, што за тры месяцы да старту першынства планеты права выпуску такіх тавараў пяройдзе да Міжнароднай федэрацыі хакея. А продаж іх падчас чэмпіянату будзе магчымы толькі ў крамах, на вакзалах і ў аэрапорце.
Пачынаючы з 2011 года, ліцэнзійныя дагаворы на вытворчасць прадукцыі з лагатыпам ЧС-2014 заключылі 88 прадпрыемстваў краіны. Іх прадукцыя самая разнастайная. Толькі пакеты з сімволікай чэмпіянату вырабляюць 19 беларускіх прадпрыемстваў.
Дарэчы, КУП «Вітпласт» выпускаў аналагічную прадукцыю, пакуль не ўступіў у працэдуру банкруцтва, паведамілі ва ўпраўленні гандлю аблвыканкама. Цяпер Віцебшчыну ў агульным скарбе тых, хто мае дачыненне да галоўнай у нашай краіне спартыўнай падзеі будучага года, прадстаўляюць два індывідуальныя прадпрымальнікі, а таксама Аршанскі льнокамбінат і полацкае РУПП «Спадчына Ф. Скарыны». Аршанцы прапануюць ручнікі і ільняныя сумкі, палачане – магніты, значкі, вымпелы, блакноты, налепкі, падарункавыя пакеты, якія вырабляюць выключна пад запыты ад гандлёвых аб'ектаў.
Кацярына Князева, "Віцебскія весці"