Сухое малако для кавамашын пачаў выпускаць Лепельскі малочна-кансервавы камбінат
Да масавай вытворчасці новай прадукцыі – сухога хуткарастваральнага малака з цукрам для аўтаматаў па прыгатаванні кавы – прыступіў ААТ «Лепельскі малочнакансервавы камбінат». Новінкай, прадстаўленай на выставе «Белагра-2015», зацікавілася англійская кампанія «Мондзелез», якая спецыялізуецца на вытворчасці гранул для кава-машын, куды і была адпраўлена некалькі месяцаў таму першая пробная партыя. Выпрабаванні, праведзеныя самой кампаніяй, прайшлі паспяхова, замежныя партнёры адзначылі выдатную якасць лепельскай прадукцыі.
Як паведаміла намеснік дырэктара камбіната па вытворчасці Жанна Абашава, ужо да канца верасня будзе выкананы першы заказ фірмы у 25 тон. Скончана сертыфікацыя і дэклараванне, падрыхтаваны ўсе дакументы. У перспектыве гэтая прадукцыя будзе адпраўляцца ў Расійскую Федэрацыю і краіны Мытнага саюза. На камбінаце прадумваюць і расфасоўку новага тавару ў спажывецкую тару невялікага аб'ёму для продажу ў гандлёвай сетцы.
Праца цэха па выпуску сухога малака арганізавана ў тры змены, гэта фактычна бесперапынная вытворчасць: 20 гадзін ідзе выпрацоўка прадукцыі, чатыры гадзіны сыходзяць на мыццё і абслугоўванне абсталявання. Дружным і адказным калектывам кіруе вядомы не толькі ў раёне прафесіянал Ганна Плігоўка, лаўрэат прэміі аблвыканкама «Чалавек года Віцебшчыны-2011». Гэта адно з галоўных вытворчых падраздзяленняў камбіната – для выпуску сухога малака выкарыстоўваецца да 70% сыравіны. За апошнія гады дзякуючы праведзенай мадэрнізацыі асвоена некалькі яго новых відаў — хуткарастваральныя, з вітамінамі і іншыя.
Алена Целяпко,«Віцебскія весці».