В ЗАГСе Віцебскага раёна прайшло вяселле з Дзедам Марозам і Снягуркай
Як распавяла начальнік аддзела загса Віцебскага райвыканкама Алена Клокава, нестандартную навагоднюю паслугу – віншаванне ад галоўных зімовых казачных персанажаў – маладым людзям прапанавалі, калі тыя падавалі заяву. У выніку, акрамя традыцыйнага абмену кальцамі і першага рамантычнага танца, закаханыя разам з гасцямі вадзілі карагод вакол елкі, спявалі песні, удзельнічалі ў конкурсах і віктарыне.
Алена Віктараўна адзначыла, што ўсё часцей будучыя муж і жонка аддаюць перавагу крэатыву: выбіраюць выязную рэгістрацыю шлюбу, арганізуюць тэматычныя вяселлі, і супрацоўнікі загса ўсяляк падтрымліваюць падобныя пачынанні і ініцыятывы. Аднак многія пары ўсё ж схільныя да забабонаў.
Так, у мінулым, высакосным, годзе ў загсе Віцебскага раёна марш Мендэльсона гучаў радзей. У 2016-м тут заключылі 191 шлюб, для параўнання, у 2015-м – 256, але ў надыходзячым годзе спецыялісты спадзяюцца на станоўчую дынаміку ў статыстыцы, тым больш што перадумовы для гэтага ёсць: многія даты ў студзені-лютым ужо заброніраваны.
Наталля Камлёва, «Віцебскія вясці».