Светлы тыдзень завяршаецца ў Полацку царкоўна-грамадскай выставай
9 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Светлы тыдзень завяршаецца ў Полацку царкоўна-грамадскай выставай-форумам "Велікодная радасць Зямлі Полацкай", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Полацкай і Глыбоцкай епархіі.
Выстава пройдзе пад знакам 100-годдзя перанясення мошчаў прападобнай Ефрасінні Полацкай з Кіева ў Полацк. У ёй возьмуць удзел манастыры і царкоўныя прыходы, выдавецтвы, духоўныя навучальныя ўстановы, паломніцкія арганізацыі з Беларусі, Расіі, Украіны. У экспазіцыі будуць прадстаўлены велікодныя сувеніры, іконы, прадметы царкоўнага ўбрання, царкоўная літаратура, вырабы народных майстроў. Не абыдзецца выстава і без святочных страў. Тут будуць прадстаўлены выпечка, мёд, травы, бальзамы, прыгатаваныя ў манастырскіх прыходах.
Духоўна-асветніцкая частка выставы будзе ўключаць лекторыі для моладзі, сустрэчы са свяшчэннікамі, канцэрты і кінапаказы. Сёстры Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра пакажуць сваю фотавыставу "Полацк духоўны". Форум будзе працаваць з 9 па 15 красавіка.-0-