Святлана Бень паставіла музычную п'есу ў віцебскім тэатры «Лялька»

Светлана Бень поставила музыкальный спектакль в витебском театре "Лялька"

Спектакль "Цудоўная скрыня з зялёным гарошкам" па матывах шведскіх казак паставіла ў Віцебску ў Беларускім тэатры "Лялька" лідар музычнага калектыву "Срэбранае вяселле" Святлана Бень, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў тэатры.

Новы спектакль віцебскіх "лялечнікаў" – казачная гісторыя пра тое, як аднойчы стары дзівак-вынаходнік атрымаў невядома адкуль скрыню з-пад зялёнага гарошку. Гэтая скрыня, у якой жыў маленькі кацяня, змяніла ўсё далейшае жыццё старога. Спектакль у інасказальнай форме прадстаўляе кранальную гісторыю дружбы дзядулі і ўнука - гарадскога дзіцяці, бацькі якога пастаянна занятыя.

Калі хлопчык і дзядуля зблізіліся, то зразумелі, як добра праводзіць час разам: гуляць, чытаць кніжкі, нешта майстраваць. І ў выніку іх агульных намаганняў запрацавала цудоўная машына, пра якую дзядуля марыў усё жыццё.

У пастаноўцы заняты артысты Юрый Франкоў, Валерый Зімніцкі, Алесь Маханькоў, Ларыса Мартынава, Наталля Гайдук. Спектакль музычны (кампазітар Святлана Бень), з запамінальнымі песнямі (аўтар тэкстаў Вікторыя Дашкевіч).

Прэм'ера спектакля "Цудоўная скрыня з зялёным гарошкам" адбудзецца ў Віцебску 9 сакавіка.

Святлана Бень - беларускі музыкант, спявачка, тэатральны рэжысёр, паэтэса, лідар музычнага калектыву "Срэбранае вяселле", паставіла некалькі спектакляў у Беларускім тэатры "Лялька" і Беларускім дзяржаўным тэатры лялек.

Беларускі тэатр "Лялька" быў утвораны ў Віцебску ў 1985 годзе пры Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа як лялечная трупа. Першы спектакль "Дзед і Жураўль" па п'есе Віталя Вольскага быў сыграны 20 красавіка 1986 года. У 1990 годзе лялечная трупа вылучылася ў самастойны калектыў з асобным будынкам у цэнтры горада.

Алена Ціханава