Святлоў: фестываль сучаснай харэаграфіі - значная падзея ў культурным календары краіны
Віцебскі фестываль сучаснай харэаграфіі — адна з самых значных падзей у культурным календары нашай краіны. Пра гэта заявіў сёння ў Віцебску на ўрачыстым адкрыцці XXVIII Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі (IFMC) міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў.
"Гэты фестываль — адна з самых значных падзей у культурным календары нашай краіны", — канстатаваў міністр. Ён правёў паралель з яшчэ адной яскравай віцебскай падзеяй — "Славянскім базарам": "Іх робяць адны і тыя ж людзі — пачынаючы ад кіраўніцтва аблвыканкама, якое вырашае быць ці не быць таму ці іншаму мерапрыемству, ідэйных натхняльнікаў і заканчваючы тымі, хто гэта ўсё рэалізоўвае і падтрымлівае".
Міністр у сваім прывітанні асабліва адзначыў ролю віцебскай публікі. "Дзякуючы вашым густам і мастацкім перавагам, вашаму стаўленню да тых падзей, якімі напоўнена наша паўночная культурная сталіца, жывуць гэтыя фестывалі. І я хачу выказаць упэўненасць, што мы будзем рабіць усё магчымае, каб такія мерапрыемствы, як гэтае свята, жылі доўгія гады", — падкрэсліў Барыс Святлоў, адкрываючы фестываль.
Фестываль пройдзе па 22 лістапада. На форуме плануецца прадставіць спектаклі вядучых танцавальных кампаній з Мексікі, Швейцарыі, Беларусі, Расіі, Швецыі, Польшчы, Італіі, Іспаніі і ЗША, сярод якіх чакаецца некалькі прэм'ер. Мерапрыемствы форуму пройдуць на дзвюх пляцоўках у Віцебску (канцэртная зала "Віцебск" і Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа), а таксама ў Мінску на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета.
У праграме фестывалю запланаваны практычныя і тэарэтычныя майстар-класы для танцораў і харэографаў, адкрытыя пасяджэнні міжнароднага журы, відэалекцыі, прэс-канферэнцыі. Асноўная падзея сёлетняга фестывалю – беларускі конкурс сучаснай харэаграфіі. Дарэчы, сёлетні фестываль праходзіць пад знакам 60-годдзя з дня нараджэння расійскага харэографа, танцора, дзеяча культуры, стваральніка Пермскага тэатра "Балет Яўгена Панфілава". Ужо адбылося адкрыццё фотавыстаў "Панфілаў+Балет+Балеты", свае працы прадставілі фотажурналіст Уладзімір Лупоўскі (Масква), Ганна Майсеюк (Мінск), Ігар Гусакоў (Віцебск). Прадстаўлена выстава жывапісу "Сузіранне прасторы" Віктара Шылкі (віцебскі мастак-абстракцыяніст). Заснавальнікамі фестывалю выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Віцебскія аблвыканкам і гарвыканкам, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, арганізатар – Цэнтр культуры "Віцебск".
Алена Ціханава, БЕЛТА.