Сведкі Іеговы дапусцілі шматлікія парушэнні

Свидетели Иеговы допустили многочисленные нарушения

Сведкі Іеговы дапусцілі шматлікія парушэнні ў Беларусі ў 2014 годзе, заявіў сёння Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка на пасяджэнні, прысвечаным вынікам працы дзяржорганаў па справах рэлігіі і нацыянальнасцей у 2014 годзе і задачам на 2015 год.

"Факты сведчаць аб тым, што членамі гэтай рэлігійнай арганізацыі на працягу 2014 года дапускаліся шматлікія парушэнні дзеючага заканадаўства аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях. распаўсюджвалася друкаваная прадукцыя рэлігійнага зместу ў неўстаноўленых месцах, ажыццяўлялася рэлігійная дзейнасць за межамі тэрыторыі, дзе дзейнічае супольнасць. Гэтыя факты дакументальна зафіксаваны ў Віцебску, Брэсце, Бярозе, Белаазёрску, Глуску, Магілёве, Маладзечне і ў Пружанскім раёне", - сказаў Леанід Гуляка. Акрамя таго, адзначаецца актыўнасць у Беларусі расійскіх і ўкраінскіх прадстаўнікоў гэтай рэлігійнай арганізацыі. Яны распаўсюджваюць у краіне сваю літаратуру.

Леанід Гуляка дадаў, што ў чэрвені 2014 года рашэннем Гродзенскага аблвыканкама заснавальнікам лідскай гарадской арганізацыі Сведак Іеговы было адмоўлена ў рэгістрацыі. "Пра якую рэгістрацыю новых супольнасцей можа ісці гаворка, калі яны паўсюдна парушаюць заканадаўства ў нашай краіне", - адзначыў упаўнаважаны.

Ён таксама паведаміў, што ў Беларусі працягваюцца спробы рэгістрацыі рэлігійных арганізацый пад выглядам грамадскіх. Аднак, дзякуючы супрацоўніцтву з Міністэрствам юстыцыі, апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей удаецца вырашаць гэту праблему.

Па стане на 1 студзеня 2015 года ў Беларусі зарэгістравана 25 рэлігійных канфесій і напрамкаў. Агульная колькасць рэлігійных арганізацый у краіне дасягнула 3482. У Беларусі 44 манастыры, 36 місій, 16 брацтваў, 10 сястрыцтваў і 17 духоўных навучальных устаноў. Таксама ў рэспубліцы дзейнічае больш за 200 нацыянальна-культурных аб'яднанняў.

У пасяджэнні калегіі апарату Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей прынялі ўдзел намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава, намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Мельчанка і іншыя прадстаўнікі розных органаў дзяржаўнай улады.

БЕЛТА