Святар з Верхнядзвінскага раёна ўдастоены прэзідэнцкай прэміі «За духоўнае адраджэнне»

Священнослужитель из Верхнедвинского района удостоен президентской премии «За духовное возрождение»

Кіраўнік дзяржавы напярэдадні Новага года падпісаў указ аб прысуджэнні прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне». Як паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, па выніках 2015-га прысуджаны пяць такіх высокіх узнагарод.

Прыемна адзначыць, што сярод лаўрэатаў – пробашч парафіі Святой Тройцы ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна Віцебскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі Часлаў Курэчка.

Прэмія айцу Чаславу ўручана «за важкі ўклад у захаванне міжканфесійнага міру і нацыянальнай згоды, а таксама актыўны ўдзел у духоўна-асветніцкай дзейнасці краіны і прапагандзе здаровага ладу жыцця, што атрымала шырокае прызнанне ў грамадстве».

Нагадаем, летась пробашч касцёла ў Росіцы стаў лаўрэатам ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны». Дзякуючы намаганням святара парафія Святой Тройцы атрымала новае жыццё, пераўтварылася тэрыторыя вакол касцёла, дзе растуць сотні гатункаў кветак і кустоўяў, добраўпарадкаваны возера і каталіцкія могілкі, з'явіліся сажалкі з каванымі масткамі, адрадзілася сама Росіца, якую цяпер актыўна наведваюць і пілігрымы, і турысты з розных куткоў Беларусі і іншых краін. Бачачы старанні ксяндза, да рэалізацыі яго ідэй далучылася мясцовая ўлада.

Шмат зроблена агульнымі намаганнямі, у тым ліку і новая асфальтаваная дарога да вёскі. Рэдакцыя нашай газеты далучаецца да віншаванняў, якія гучаць на адрас пробашча касцёла ў Росіцы, і жадае яму моцнага здароўя для ажыццяўлення ўсіх планаў па далейшым адраджэнні парафіі і населенага пункта.

Вольга Маслоўская, «Віцебскія весці».