Свята-Успенскі кафедральны сабор у Віцебску атрымае ў падарунак 350-пудовы звон

1 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Самы вялікі храм Віцебска Свята-Успенскі кафедральны сабор атрымае ў дар 350-пудовы званок, расказаў карэспандэнту БЕЛТА настаяцель сабора айцец Міхаіл (Мартыновіч). Гэты званок і яшчэ дзясятак званкоў паменш, самы маленькі з якіх важыць каля пуда (16 кг), будуць устаноўлены ў дадатак да дзесяці ўжо наяўных, вага найбольшага з якіх складае 125 пудоў. Новыя званкі адліты маскоўскімі ліцейшчыкамі на сродкі расійскіх мецэнатаў. Звонавых майстроў кансультаваў галоўны званар Маскоўскага Крамля. Па словах святара, зараз абмяркоўваюцца пытанні дастаўкі званкоў з Масквы ў Віцебск, таму аб даце іх устаноўкі стане вядома пазней. Аднаўленне Свята-Успенскага сабора набліжаецца да завяршэння. Зараз у царкве вядуцца чыставыя аздабляльныя работы, устаноўлены пазалочаныя панікадзілы, ідзе роспіс сцен - акрамя традыцыйных біблейскіх сюжэтаў на фрэсках будуць намаляваны твары святых беларускай зямлі. Разам з унутранымі работамі завяршаюцца работы па добраўпарадкаванні прылеглай да храма тэрыторыі, уключаючы набярэжныя Заходняй Дзвіны і Віцьбы, якая ўпадае ў яе. Аднаўленне помніка архітэктуры XVIII стагоддзя было пачата ў 1998 годзе. Тады Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій II заклаў капсулу з памятнай граматай у падмурак храма і асвяціў першы камень на будаўніцтве. Свята-Успенскі сабор пабудаваны на высокім беразе ля зліцця Віцьбы з Заходняй Дзвіной. Будаўніцтва храма пачалося ў 1743 годзе. Аўтарам праекта і кіраўніком будаўнічых работ быў архітэктар Іосіф Фантана. Да сярэдзіны 30-х гадоў XX стагоддзя сабор быў візітнай карткай Віцебска і ўваходзіў у лік найвелічнейшых храмаў Расійскай імперыі. У 1911 годзе была зроблена нават каляровая фатаграфія яго ўнутранага ўбрання - настолькі прыгожы быў сабор правінцыйнага Віцебска. Па некаторых звестках, віцебскі сабор з'яўляўся паменшанай копіяй аднаго з храмаў Рыма, пабудаванага знакамітым архітэктарам Анорыа Лонгі. У 1936 годзе Свята-Успенскі сабор быў разбураны сапёрамі пад камандаваннем Пятра Рыгоранкі, які пазней стаў адным з вядомых дысідэнтаў і праваабаронцаў. Праект аднаўлення сабора заснаваны на архіўных матэрыялах і з'яўляецца дакладнай копіяй разбуранага. Памер храма - 55 м на 33 м. Вышыня галоўнага купала храма - каля 50 м, а дзве званіцы ўзняліся ўвыш за 40 м. Па задуме архітэктараў, да падножжа храма з набярэжнай вядуць шырокія лесвіцы.-0-