Сувязі Віцебскай і Ленінградскай абласцей мацнеюць
Адразу два гарады-пабрацімы з'явілася ў Гарадку – адпаведныя пагадненні былі падпісаны старшынёй райвыканкама Васілём Марэнкавым з кіраўнікамі адміністрацый Лужскага і Ладзейнапольскага муніцыпальных раёнаў Ленінградскай вобласці Алегам Малашчанкам і Ілём Дзмітрэнкам.
Гэтай знакавай працэдурай завяршылася працоўная сустрэча расійскай дэлегацыі са намеснікам прэм'ер-міністра Беларусі Пятром Пракаповічам і першым намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання рэспублікі Леанідам Марынічам, якая праходзіла ў сталіцы «Дажынак» . На парадку дня стаялі пытанні развіцця супрацоўніцтва ў аграпрамысловым комплексе паміж Беларуссю і Ленінградскай вобласцю, якую прадстаўляў віцэ-губернатар Сяргей Яхнюк.
– Мы падвялі вынікі працы, прааналізавалі выкананне пратакола аб супрацоўніцтве на 2013 – 2015 гады, які падпісаны паміж Беларуссю і Ленінградскай вобласцю. Прыйшлі да агульнай думкі, што трэба актывізаваць сумесную дзейнасць, у прыватнасці, у сферы сельскагаспадарчай вытворчасці, – падкрэсліў Пётр Пракаповіч.
Найбольш плённа прасоўваецца ўзаемадзеянне ў галіне навуковага супрацоўніцтва, племянной справы і рыбаводства. Характэрны факт: беларускую маляўку, выгадаваную ў рыбапітомніку на базе сельскагаспадарчай акадэміі, ахвотна бяруць паўночныя рэгіёны Расіі, а нядаўна да іх далучылася і Фінляндыя. У Ленінградскай вобласці мы закупляем племянную жывёлу, а затым расіянам прадаём атрыманае ад яе малако і мяса. На нядаўна праведзенай у Санкт-Пецярбургу выставе «АграРусь» беларуская экспазіцыя атрымала Гран-пры.
Праўда, як адзначылі ўдзельнікі сустрэчы, сёлета знізіліся аб'ёмы таваразвароту, і гэты недахоп трэба ліквідаваць. Беларускі бок таксама гатовы аказаць дапамогу ў будаўніцтве аграгарадкоў у Ленінградскай вобласці.
Прыкладам плённага супрацоўніцтва Сяргей Яхнюк назваў дзейнасць расійскага канцэрна «Дзяцкасельскі», які адкрыў сваё сельскагаспадарчае прадпрыемства ў Гарадку і збіраецца яго развіваць. Ёсць планы пабудаваць яшчэ адну малочнатаварную ферму і цэх па перапрацоўцы прадукцыі, а таксама стварыць філіял у Аршанскім раёне.
– Гэта салідныя інвестыцыі ў эканоміку Віцебскай вобласці і Беларусі ў цэлым, – адзначыў Сяргей Яхнюк.
А кіраўнік адміністрацыі новага пабраціма Гарадка – Лугі – Алег Малашчанка падкрэсліў, што ў нас шмат агульнага і ў культуры, і ў эканоміцы, і нават у клімаце. А падпісанне дагавора аб супрацоўніцтве дакументальна змацоўвае сувязі, якія існуюць спрадвеку паміж Расіяй і Беларуссю, і адкрывае новыя магчымасці для больш моцнай дружбы.
Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"