Свабода і незалежнасць заўсёды былі прыярытэтам для беларускага народа - А.Косінец

3 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебску святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня Незалежнасці адкрыў урачысты мітынг. Яго ўдзельнікамі сталі звыш 10 тыс. жыхароў абласнога цэнтра і гасцей горада, перадае карэспандэнт БЕЛТА. З важным дзяржаўным святам усіх сабраўшыхся павіншаваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец. "Дата Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь гістарычна вывераная і неадрыўна звязана з вызваленнем нашай краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Нялёгка далася нам гэтая перамога. Нашы воіны-вызваліцелі змагаліся і аддавалі свае жыцці за роўнапраўе ў свеце, незалежнасць сваёй Радзімы. У гэты дзень мы ўшаноўваем ветэранаў вайны, аддаём даніну памяці загінулым і звяртаемся да вытокаў беларускай дзяржаўнасці", - сказаў кіраўнік вобласці. Ён адзначыў, што шлях да незалежнасці і свабоды быў для нашай краіны складаным. "Многія хацелі паставіць на калені, знішчыць Беларусь. Але заўсёды насуперак ворагу станавілася сіла, імя якой - беларускі народ, які адрозніваецца мужнасцю, любоўю да Айчыны, цвёрдай гатоўнасцю ахвяраваць усім у імя свабоды. Таму незалежнасць і свабода маюць для нас асаблівы сэнс, заўсёды з'яўляліся і з'яўляюцца галоўным прыярытэтам", - падкрэсліў губернатар. Сёння беларусы сваёй добрасумленнай штодзённай працай робяць усё для працвітання краіны. Па словах Аляксандра Косінца, Віцебская вобласць займае лідзіруючыя пазіцыі ў рэспубліцы па валавым рэгіянальным прадукце, вытворчасці прамысловай прадукцыі, удзельнай вазе адгружанай інавацыйнай прадукцыі, удзельнай вазе затрат на набыццё машын, транспартных сродкаў у агульным аб'ёме інвестыцый у асноўны капітал, рознічным тавараабароце, экспарце тавараў і паслуг. Паспяхова рэалізуецца праграма інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця Віцебскай вобласці на 2011-2015 гады. Стабільна развіваецца аграрны сектар рэгіёну, з году ў год нарошчваюцца аб'ёмы вытворчасці раслінаводчай і жывёлагадоўчай прадукцыі. Значная ўвага надаецца сферам аховы здароўя і адукацыі. Шмат што робіцца для добраўпарадкавання гарадоў і раёнаў вобласці: на вачах прыгажэюць Віцебск, Полацк, Глыбокае, Браслаў, Росаны, Бегамль, Паставы і іншыя населеныя пункты Прыдзвіння. "Усё гэта сведчыць аб тым, што нашы людзі настроены на вынік, выпуск якаснай канкурэнтнай прадукцыі", - канстатаваў старшыня аблвыканкама. Святкаванне Дня Незалежнасці працягнулася ў Віцебску выступленнямі творчых калектываў на ўсіх канцэртных пляцоўках горада. Забаўляльныя праграмы падрыхтавалі гарадскі заапарк, комплекс культурна-масавага адпачынку імя Савецкай Арміі, Парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў, комплекс "Залатое кальцо Віцебска "Дзвіна". Увагу гараджан таксама прыцягнулі пешаходныя зоны на вуліцах Суворава і Талстога, дзе разгарнулася выстава-кірмаш работ віцебскіх мастакоў і народных майстроў, сваю творчасць дэманструюць выканаўцы на народных інструментах. Сваю ноту ў агульнае свята ўнеслі актывісты БРСМ: маладыя людзі ўпрыгожваюць мінакоў сімвалічнымі чырвона-зялёнымі стужкамі. Увечары віцябчан і гасцей горада на плошчы Перамогі збярэ канцэрт і акцыя "Заспяваем гімн разам". Завершыць насычаны падзеямі дзень святочны феерверк. -0-