Свой 99-гадовы юбілей у жніўні адзначыла віцебская міліцыя
За свой амаль векавы шлях гісторыя міліцыі Віцебшчыны ўмясціла ў сябе многае: перыяды станаўлення і развіцця, слаўныя перамогі і горыч ад страт баявых таварышаў. Органы аховы грамадскага парадку мянялі сваю назву: ад народнай аховы і савецкай рабоча-сялянскай міліцыі да міліцыі Рэспублікі Беларусь. Як бы ні змяняўся час і палітычная сітуацыя, але галоўнай задачай для міліцыі заўсёды прыярытэтнымі былі ахова правапарадку, забеспячэнне законнасці і абарона кожнага грамадзяніна ад злачынных замахаў.
Сваёй працай, службай, выкананнем грамадзянскага і прафесійнага абавязку супрацоўнікі віцебскай міліцыі заслужылі самае высокае ў рэспубліцы давер і павагу народа.
Традыцыйна ў гэты дзень праводзіцца гарнізонны інструктаж, у якім прымаюць удзел супрацоўнікі міліцыі віцебскага гарнізона, ветэраны і шматлікія госці.
Сёння ўрачыстыя словы Прысягі на вернасць свайму народу і Айчыне перад строем сваіх таварышаў прамовілі 10 маладых вартавых правапарадку. З віншаваннямі выступілі часова выконваючы абавязкі начальніка УУС аблвыканкама палкоўнік міліцыі Дзмітрый Рэзенкаў, старшыня Віцебскай абласной ветэранскай арганізацыі органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў Васіль Іванюшчанка і іерэй Аляксандр – святар храма Васіля Вялікага, які асвяціў міліцыянераў і дабраславіў іх на ратную працу.
Заслужаныя ўзнагароды прымалі ў гэты дзень віцебскія міліцыянеры. Дзяржаўнай узнагародай – медалём «За бездакорную службу» III ступені ўзнагароджана маёр міліцыі Аксана Рыбакова – інспектар упраўлення па грамадзянстве і міграцыі міліцыі грамадскай бяспекі УУС Віцебскага аблвыканкама. Нагрудным знакам «За самаадданую службу» II ступені ўзнагароджаны старшы лейтэнант міліцыі Аляксандр Цевялёў – участковы інспектар міліцыі Першамайскага РАУС і прапаршчык міліцыі Віталь Кавалёў – міліцыянер-кіроўца атрада міліцыі асаблівага прызначэння УУС. Ганаровай граматы камандзіра ўнутраных войскаў МУС Рэспублікі Беларусь удастоены сяржант міліцыі Рустам Казакевіч – міліцыянер атрада міліцыі асаблівага прызначэння УУС Віцебскага аблвыканкама.
Загадам Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь прысвоена спецыяльнае званне падпалкоўніка міліцыі камандзіру роты патрульна-паставой службы міліцыі ГБМ Аршанскага РАУС Юрыю Суміну. Пагоны лейтэнанта міліцыі ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі Дзяніс Збароўскі, Ірына Стрэльцова, Артур Гайко, Кірыл Гунько, Аляксей Прышчэпаў. Званне малодшага лейтэнанта міліцыі і адпаведныя пагоны ўручаны Аляксандру Жандараву і Артуру Відовічу.
Шэраг супрацоўнікаў за высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці заахвочаны граматамі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь і УУС Віцебскага аблвыканкама.
За аказанне дапамогі ва ўвекавечанні памяці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь узнагароджаны нагрудным знакам МУС «За садзейнічанне» Азат Нікагосавіч Тарасян – скульптар, член Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь, стваральнік мемарыяльнага комплексу супрацоўнікам, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку УУС Віцебскага аблвыканкама.
У гэты дзень заслужаныя ўзнагароды атрымалі і ветэраны. За прапаганду дзейнасці органаў унутраных спраў, актыўны ўдзел у выхаванні асабовага складу узнагароджаны нагрудным знакам «За заслугі» палкоўнікі міліцыі ў адстаўцы Леанід Цітоў і Аляксандр Длугаш, падпалкоўнікі міліцыі ў адстаўцы Святлана Хадасевіч і Святлана Асвецінская.
Завяршылася святочнае мерапрыемства ўрачыстым маршам.