Свайго Цімура Бекмамбетава шукаюць у Віцебску

29 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Сваіх Цімура Бекмамбетава і Гая Рычы шукаюць у Віцебску. Абласны Дом кіно абвясціў конкурс на стварэнне аматарскіх сацыяльных рэкламных ролікаў, расказала карэспандэнту БЕЛТА галоўны рэжысёр Дома кіно Алена Завадоўская. Як вядома, нямала неардынарных рэжысёраў сучаснага кіно пачыналі свой шлях у рэкламе: Цімур Бекмамбетаў, Рыдлі Скот, Дэвід Фінчэр, Гай Рычы. Вось і Дом кіно ўжо другі раз запрашае крэатыўных аматараў здымаць відэа паспрабаваць сябе ў ролі аднаго з іх і прадставіць на суд журы сваю творчую працу. Удзельнікі конкурсу не абмежаваныя ў тэматыцы і жанры. Ролікі пра маральна-этычныя праблемы, ахову навакольнага асяроддзя, па прапагандзе здаровага ладу жыцця можна смела прадстаўляць юным і не вельмі рэжысёрам. Да ўзросту ўдзельнікаў арганізатары конкурсу таксама не прад'яўляюць ніякіх патрабаванняў. Прызёры конкурсу будуць аб'яўлены 19 лістапада, а ролік-пераможца будзе да таго ж транслявацца на мясцовым тэлеканале. Цяперашні конкурс "Увага, матор!", як і леташні, прымеркаваны да XVI Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад", які пройдзе з 14 па 21 лістапада. У гэтыя ж дні ў кінатэатрах Віцебска плануецца нямала цікавых мерапрыемстваў, прысвечаных прапагандзе айчыннага кіно. Убачаць віцебскія гледачы і беларускія фільмы "Інсайт" і "Снайпер", якія ўдзельнічаюць у конкурсе. Творчая група "Інсайт" сустрэнецца з гледачамі ў Віцебску 17 лістапада. Віцебская публіка зможа ацаніць і расійскую прэм'еру - фільм "Цар", які адкрые паказы на мінскім кінафестывалі.-0-