Свае першыя злачынствы абвінавачваная ў хуліганскім выбуху ў Віцебску здзяйсняла з-за недахопу адрэналіну
Свае першыя злачынствы абвінавачваная ў хуліганскім выбуху ў Віцебску здзяйсняла з-за недахопу адрэналіну. Пра гэта паведаміў сёння на сумесным брыфінгу начальнік упраўлення Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці Уладзімір Шалухін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Віцяблянка 1970 года нараджэння, якая працуе на адным з прадпрыемстваў абласнога цэнтра, раней прыцягвалася да крымінальнай адказнасці за пашкоджанне маёмасці, хуліганства і крадзяжы (усе судзімасці пагашаны). Здзяйсненне гэтых злачынстваў яна тлумачыла недахопам адрэналіну, адзначыў Уладзімір Шалухін, падкрэсліўшы, што цяпер на допытах з нагоды здзяйснення хуліганскага выбуху ля будынка ўпраўлення КДБ у Віцебску абвінавачваная ад дачы паказанняў адмовілася, скарыстаўшыся правамі, прадастаўленымі артыкулам 27 Канстытуцыі РБ (Ніхто не павінен прымушацца да дачы паказанняў і тлумачэнняў супраць самога сябе, членаў сваёй сям'і, блізкіх сваякоў. Доказы, атрыманыя з парушэннем закона, не маюць юрыдычнай сілы).
Касаючыся іншых падрабязнасцей, начальнік УСК РБ па Віцебскай вобласці паведаміў, што жанчына мела сярэднюю адукацыю, была незамужам, пражывала з састарэлай маці, якая не ведала аб "дзейнасці" сваёй дачкі, захаплялася мужчынскімі відамі спорту і з'яўлялася прыхільніцай мужчынскага стылю адзення, што ўскладніла пошук вінаватага.
Устанавіць яе дачыненне да рэзананснага злачынства акрамя шырокага арсенала, выяўленага пры вобыску па месцы жыхарства, дапамаглі доказы, пакінутыя абвінавачанай на месцы злачынства, у тым ліку сляды і кавалачак упакоўкі ад лекавага сродку, прызначанага для лячэння мачакаменнай хваробы.
З улікам высокай грамадскай небяспекі ўчыненага дадзенай грамадзянкай злачынства і сабраных рэчавых доказаў 18 лютага да яе была абрана мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. У дачыненні да жанчыны ўзбуджана крымінальная справа па частцы 3 артыкула 339 КК РБ (Асабліва злоснае хуліганства), якое прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі. "Усе яе дзеянні атрымаюць крымінальна-прававую ацэнку, пасля дачы якой, магчыма, ёй будзе таксама прад'яўлена абвінавачванне ў незаконным вырабе самаробных выбуховых прылад", - дадаў Уладзімір Шалухін.
Папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе працягваецца, адпрацоўваецца версія аб дачыненні да дадзенай справы іншых асоб.