Больш за 100 баксёраў возьмуць удзел у юніёрскім першынстве Беларусі ў Віцебску
28 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 100 спартсменаў прымуць удзел у асабіста-камандным першынстве Беларусі па боксе сярод юніёраў, якое стартуе ў Віцебску 29 сакавіка. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў галоўны суддзя спаборніцтваў Яўген Церашчанка.
У спаборніцтвах прымуць удзел баксёры 1995-1996 гадоў нараджэння з усіх рэгіёнаў Беларусі, якія будуць выступаць у складзе сямі каманд, а таксама спартсмены, якія заявіліся для выступлення ў асабістым заліку. Баі будуць праходзіць у 13 вагавых катэгорыях, пачынаючы з вагі да 46 кг і заканчваючы цяжкавагавікамі ў катэгорыі звыш 80 кг.
Фінальныя сутычкі запланаваны на 2 красавіка, па завяршэнні якіх адбудзецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў. Пераможцаў чакае грашовая прэмія, а прызёры будуць узнагароджаны медалямі і дыпломамі. Акрамя таго, па выніках спаборніцтваў мяркуецца сфарміраваць зборную Беларусі для ўдзелу ў галоўных стартах гэтага года для юніёраў - чэмпіянаце свету і Еўропы, якія пройдуць адпаведна ў Казахстане і Венгрыі.-0-