З пачатку года ў Віцебскай вобласці да крымінальнай адказнасці прыцягнута больш за 100 кіроўцаў за кіраванне ў нецвярозым стане

28 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. З пачатку бягучага года ў Віцебскай вобласці 115 кіроўцаў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА камандзір батальёна дарожна-патрульнай службы ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Банадысенка. Усяго ў вобласці ў бягучым годзе супрацоўнікі батальёна ДПС затрымалі 1106 кіроўцаў, якія знаходзіліся за рулём у стане алкагольнага ап'янення. Без увагі ДАІ не застаюцца і нецвярозыя пешаходы. Толькі за час рэспубліканскай акцыі "Пешаход", якая стартавала 21 кастрычніка, больш за 300 п'яных пешаходаў, якія падвяргалі небяспецы сябе і кіроўцаў, зняты з праезнай часткі дарог, а ўсяго прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці звыш 400 пешых удзельнікаў дарожнага руху. Паводле даных ДАІ УУС, з пачатку бягучага года ў вобласці зафіксавана 143 дарожна-транспартных здарэнні, з іх 9 здзейснены ўдзельнікамі дарожнага руху ў стане алкагольнага ап'янення. Гэтыя здарэнні забралі жыцці 6 чалавек, яшчэ 148 паранены. Найбольшая колькасць затрыманняў п'яных кіроўцаў прыпадае на апошнія дні тыдня - з пятніцы па нядзелю. Артыкулам 317-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі за кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане ап'янення, перадачу кіравання транспартным сродкам такой асобе альбо адмову ад праходжання праверкі (асведчавання) прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю са штрафам, або выпраўленчых работ на тэрмін да двух гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, або арышту на тэрмін да шасці месяцаў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.-0-