Звыш 1,3 тыс. прозвішчаў вайскоўцаў часоў ВАВ устаноўлена ў 2009 годзе ў Віцебскай вобласці
9 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Звыш 1,3 тыс. прозвішчаў ваеннаслужачых, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Віцебскай вобласці, устаноўлена ў 2009 годзе. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы Віцебскага абласнога ваеннага камісарыята.
Пошукавыя работы з раскопкамі на мясцовасці праводзіліся ў Віцебскім, Дубровенскім, Лёзненскім, Верхнядзвінскім, Лепельскім, Гарадоцкім і Полацкім раёнах. Усяго было адпрацавана 30 пошукавых аб'ектаў, на якіх удалося знайсці 5 медальёнаў, медаль "За адвагу" сяржанта з Тулы, дзве гранаты Ф-1, каля 300 патронаў, фрагменты самалёта і 10 іншых рэліквій. Акрамя таго, з зямлі былі падняты астанкі 322 ваеннаслужачых. Цырымоніі ўрачыстага перапахавання загінулых герояў з удзелам прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, навучэнскай моладзі, прадстаўнікоў духавенства, ветэранаў адбыліся ў вёсцы Вымна Віцебскага раёна, а таксама Бабінавічах і Старым Сяле Лёзненскага раёна.
Сродкі на правядзенне мерапрыемстваў па ўвекавечанні памяці загінулых у гады вайны салдат, добраўпарадкаванне і рамонт воінскіх пахаванняў выдзяляліся ў кожным рэгіёне з мясцовага бюджэту. Акрамя таго, з абласнога бюджэту на гэтыя мэты было накіравана Br430 млн. За кошт выдзеленых сродкаў праведзена рэканструкцыя і рамонт воінскіх пахаванняў у Лёзненскім, Гарадоцкім, Браслаўскім, Талачынскім, Докшыцкім, Шумілінскім і Аршанскім раёнах, адкрыты помнік у гонар удзельнікаў баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў у Лепелі і помнікі землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у вёсках Іванаўшчына і Харошкі Глыбоцкага раёна.
Самы актыўны ўдзел у рабоце па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў прымалі ў перыяд канікул школьнікі і навучэнская моладзь. Хлопцы ўдзельнічалі ў велапрабегах па мясцінах баявой славы, добраўпарадкоўвалі наведваемыя аб'екты, больш глыбока знаёміліся з падзеямі ваенных гадоў. Пры гэтым традыцыйнымі мерапрыемствамі для школьнікаў сталі ўрокі мужнасці, лінейкі "Успомнім усіх паімённа", тэматычныя ўрокі, інтэлектуальныя конкурсы і сустрэчы з ветэранамі. Характэрна, што мінулы год у Віцебскай вобласці абышоўся без фактаў вандалізму на воінскіх пахаваннях і ў іншых памятных месцах.-0-