Звыш 13 тыс.га лесу будзе пасаджана і адноўлена ў Віцебскай вобласці

20 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Звыш 13 тыс.га лесу будзе пасаджана і адноўлена ў Віцебскай вобласці на працягу 2009-2010 гадоў. Такія планы закладзены ў рэгіянальнай праграме "Лес", прынятай сёння на чарговай сесіі Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Праграма "Лес" распрацавана для павышэння эфектыўнасці і комплекснасці выкарыстання лесасыравінных рэсурсаў Віцебскай вобласці пры захаванні прынцыпу бесперапыннасці і невычарпальнасці лесакарыстання, падкрэсліў выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара Віцебскага дзяржаўнага лесагаспадарчага аб'яднання Мікалай Прывалаў, прадстаўляючы праграму. Апроч аднаўлення лясоў праграма прадугледжвае таксама развіццё паляўнічай гаспадаркі. Ужо да канца 2010 года паляўнічыя гаспадаркі павінны спрацаваць з прыбыткам, перавысіўшы даходы над затратамі на 4,1%. Праграмай таксама прадугледжана стварэнне двух вытворчасцей па выпуску паліўнай шчапы агульнай магутнасцю 10 тыс.куб.м у год, некалькі участкаў і цэхаў па выпуску розных вырабаў з драўніны - ад чаранкоў для рыдлёвак да зрубаў жылых дамоў. Мадэрнізацыя і асваенне новых відаў прадукцыі прадугледжаны на Аршанскім камбінаце будаўнічых матэрыялаў, ААТ "Віцебскдрэў", яшчэ некалькіх прадпрыемствах, якія спецыялізуюцца на вытворчасці мэблі. Фінансаванне праграмы будзе ажыццяўляцца як з мясцовага бюджэту, так і за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і ўласных сродкаў прадпрыемстваў. У цэлым эканамічны эфект ад рэалізацыі праграмы толькі ў частцы назапашвання запасаў драўняных рэсурсаў у выніку комплексу лесаўсстаноўчых і лесагаспадарчых мерапрыемстваў складзе Br5,8 млрд. -0-