Звыш 15 тыс. навучэнцаў і студэнтаў Віцебскай вобласці прынялі ўдзел у "Працоўным семестры-2012"
Звыш 15 тыс. навучэнцаў і студэнтаў Віцебскай вобласці прынялі ўдзел у "Працоўным семестры-2012", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце БРСМ.
Па выніках працоўнага семестра ў складзе 757 студэнцкіх атрадаў (будаўнічых, сельскагаспадарчых, педагагічных, экалагічных, сэрвісных) працавалі 15,3 тыс. чалавек, што на 8 тыс. маладых людзей больш, чым у 2011 годзе. Індывідуальнае месца працы было падыскана 416 навучэнцам. Сярод працаўладкаваных 7,3 тыс. чалавек складалі непаўналетнія.
"Значным і адказным стала працаўладкаванне моладзі ў складзе будаўнічых атрадаў, задзейнічаных на рэканструкцыі і добраўпарадкаванні малочна-таварных ферм вобласці. Усяго на дадзеных аб'ектах працавалі 1,4 тыс. маладых людзей у складзе 122 атрадаў", - падкрэслілі спецыялісты.
Моладзь таксама была занята на будаўніцтве сацыяльна значных аб'ектаў (дзіцячых дашкольных устаноў у Віцебску, жылых дамоў, Лядовага палаца ў Воршы, цэнтральнай гарадской бальніцы ў Наваполацку, у свабоднай эканамічнай зоне "Віцебск" і інш.). Хлопцы дапамагалі ва ўборцы ўраджаю, спрабавалі свае сілы ў якасці праваднікоў на Расійскай чыгунцы, выязджалі на працу ў Туапсэ і Краснадарскі край, Ямала-Ненецкую аўтаномную акругу. Пры гэтым у цяперашнім працоўным семестры колькасць удзельнікаў атрадаў, накіраваных за межы Беларусі, значна ўзрасла.
"Арганізацыя другаснай занятасці моладзі з'яўляецца прыярытэтным напрамкам дзейнасці Віцебскай абласной арганізацыі БРСМ. Важна, што гэтая праца праводзіцца пры актыўнай падтрымцы і ў цесным узаемадзеянні з прадстаўнікамі органаў выканаўчай улады на месцах. Шмат у чым гэта спрыяла таму, што ў бягучым годзе ўжо трэці раз запар Віцебскі абласны штаб студэнцкіх атрадаў па выніках падвядзення вынікаў "Працоўнага семестра" прызнаецца лепшым у краіне", - падкрэслілі ў абкаме.
Сёння ў канцэртнай зале "Віцебск" адбудзецца ўрачысты сход па падвядзенні вынікаў часовай працоўнай занятасці моладзі Віцебшчыны "Працоўны семестр-2012". На афіцыйнай частцы мерапрыемства адбудзецца ўшанаванне больш за 60 пераможцаў у 14 намінацыях, у тым ліку будуць адзначаны лепшыя байцы, камандзіры, наймальнікі, студатрады, якія працавалі на тэрыторыі роднай краіны і за яе межамі. Пасля яе завяршэння рабят чакае культурна-забаўляльная праграма.
Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць упраўленне адукацыі і аддзел па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама, Віцебскі абласны камітэт грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі"
БЕЛТА