Звыш 150 кірмашоў адбудзецца ў Віцебскай вобласці напярэдадні Каляд і Новага года
16 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Звыш 150 святочных кірмашоў адбудзецца ў Віцебскай вобласці напярэдадні Каляд і Новага года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні гандлю Віцебскага аблвыканкама.
Навагоднія і калядныя кірмашы з удзелам прамысловых і харчовых прадпрыемстваў будуць арганізаваны ва ўсіх гарадах і райцэнтрах рэгіёна. Ёлачныя базары адкрыюцца 19 снежня, а пашыраныя распродажы святочнай прадукцыі, сувеніраў і прадуктаў харчавання адбудуцца ў абласным цэнтры 24 і 30 снежня. Усяго ж гандлёвыя прадпрыемствы вобласці плануюць правесці ў снежні звыш 1,3 тыс. выставак-продажаў, распродажаў, рэкламных мерапрыемстваў. Традыцыйна ў перадсвяточны перыяд пакупнікоў чакаюць розныя акцыі са зніжэннем цэн і прадастаўленнем скідак ад 5% да 30%.
У навагоднія святы падоўжаць рэжым работы 850 прадпрыемстваў гандлю і 365 аб'ектаў грамадскага харчавання. Пры гэтым падарункаў і шампанскага хопіць усім, запэўнілі ва ўпраўленні гандлю. Так, паводле даных на 16 снежня, гандлёвымі прадпрыемствамі атрымана 15,4 тыс. дал шампанскага - гэта на 15% больш у параўнанні з той жа датай мінулага года. У шырокім асартыменце ў крамах прадстаўлены падарункавыя наборы. У бліжэйшыя дні ў продаж паступяць кандытарскія і хлебабулачныя вырабы РУПП "Віцебскхлебпрам" у святочнай упакоўцы.-0-