Больш за 200 чалавек прымуць удзел у вучэннях Беларусі, Латвіі і Літвы па папярэджанні катастроф
16 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Звыш 200 работнікаў аварыйна-выратавальных і аварыйна-аднаўленчых службаў прымуць удзел у рэгіянальных аператыўна-тактычных вучэннях. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Аляксандр Ярмош.
Маштабныя вучэнні пройдуць 23-24 чэрвеня ў Полацкім і Міёрскім раёнах. Акрамя работнікаў Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС, рэспубліканскага цэнтра кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі МНС Беларусі і рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння ў іх прымуць удзел ратавальнікі з Літвы, Латвіі, спецыялісты аварыйна-аднаўленчых службаў прадпрыемстваў, занятых на абслугоўванні прадуктаправодаў і нафтаправодаў. У навучальнай аперацыі будзе задзейнічана 80 адзінак тэхнікі, у тым ліку 4 верталёты і 2 самалёты падраздзяленняў МНС Беларусі.
Сцэнарыем вучэнняў прадугледжана правядзенне работ па ліквідацыі наступстваў дзвюх надзвычайных сітуацый, якія ўзніклі ў выніку прарыву нафтапрадуктаправодаў на рацэ Заходняя Дзвіна і яе прытоках. Навучальная сітуацыя будзе ўскладнена раптоўным узнікненнем пажару на месцы разліву дызпаліва і лясным пажарам. Яшчэ адным ускладняючым фактарам стануць выбухі снарадаў часоў Вялікай Айчыннай вайны на месцы пажару і раненне людзей, якія апынуліся на месцы надзвычайнага здарэння. Такім чынам, акрамя мерапрыемстваў па ачыстцы вод, ратавальнікам давядзецца ліквідаваць пажары, ратаваць людзей і па паветры дастаўляць іх у шпіталь. У тушэнні ляснога пажару прыме ўдзел парашутна-дэсантная група УМНС і авіяцыя МНС.
Ратавальнікі з Латвіі і Літвы, па сцэнарыі, прымуць удзел у ліквідацыі наступстваў разліву нафтапрадуктаў на памежнай тэрыторыі ў раёне вёскі Узмены Міёрскага раёна. Іх прыбыццё на тэрыторыю Беларусі будзе бесперашкодна забяспечана мытнымі і памежнымі службамі, якія такім чынам падчас вучэнняў адпрацуюць свае дзеянні пры ўзнікненні трансгранічнай надзвычайнай сітуацыі.
Па словах Аляксандра Ярмоша, галоўная мэта вучэнняў - на практыцы адпрацаваць комплекс мер, якія прымаюцца ў надзвычайных сітуацыях, праверыць зладжанасць узаемадзеяння па ліквідацыі аварый і іх наступстваў, напрацаваць практыку сумесных дзеянняў службаў сумежных дзяржаў.
Вучэнні з'яўляюцца часткай міжнароднага праекта "Умацаванне рэгіянальнага патэнцыялу па папярэджанні і рэагаванні на хімічныя аварыі з пагрозай трансгранічных наступстваў у рэгіёне Беларусь-Латвія-Літва", разлічанага на 2008-2009 гады. Яго фінансаванне ажыццяўляецца Еўрасаюзам. За ходам вучэнняў будуць сачыць міжнародныя і рэгіянальныя назіральнікі.-0-