Больш за 200 гасцей прынялі ўдзел у міжнародным інвестыцыйным форуме ў Віцебску

26 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Звыш 200 гасцей прынялі ўдзел у міжнародным бізнес-форуме "Інвестыцыйныя ініцыятывы Віцебскай вобласці", які адбыўся ў Віцебску 25-26 лютага, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Канстанцін Чорны. Каля 70 удзельнікаў форуму - прадстаўнікі дзелавых колаў і дыпламатычных місій з 11 дзяржаў: Казахстана, Германіі, Латвіі, Польшчы, Расіі, Украіны, Аджарыі, Азербайджана, Балгарыі, Венесуэлы, Славакіі. Акрамя таго, раёны і гарады Віцебскай вобласці падрыхтавалі больш за 150 інвестыцыйных прапаноў на суму каля $700 млн. Заяўленыя праекты звязаны з арганізацыяй вытворчасці харчовых прадуктаў, сельскагаспадарчай тэхнікі, будаўнічых матэрыялаў, з дрэваапрацоўкай, развіццём аграэкатурызму і прыдарожнага сэрвісу, з будаўніцтвам аб'ектаў сферы паслуг. У ходзе бізнес-форуму падпісана пяць дагавораў аб супрацоўніцтве паміж раёнамі вобласці і замежнымі партнёрамі, у тым ліку чатыры інвестыцыйныя. Прадугледжваецца будаўніцтва гасцініцы і культурна-аздараўленчага комплексу ў Віцебску, ангарнага комплексу для захоўвання і абслугоўвання самалётаў бізнес-авіяцыі ў аэрапорце абласнога цэнтра, а таксама аўтазаправачных станцый у Полацку і Оршы. Рэалізацыя дамоўленасцей па гэтых пагадненнях дазволіць прыцягнуць у Віцебскую вобласць каля $11 млн. інвестыцый. Падчас форуму таксама адбыліся сустрэчы кіраўніцтва аблвыканкама з дэлегацыямі Казахстана, Польшчы, Латвіі і Балгарыі, на якіх былі абмеркаваны варыянты супрацоўніцтва і актывізацыі інвестыцыйнай і гандлёвай дзейнасці.-0-