Больш за 260 млн. даляраў неабходна на перагледжаную праграму мадэрнізацыі ААТ "Нафтан"

11 снежня, Наваполацк /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Звыш $260 млн. неабходна на перагледжаную праграму мадэрнізацыі ААТ "Нафтан". Пра гэта паведаміў сёння журналістам генеральны дырэктар акцыянернага таварыства Вячаслаў Якушаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Першапачатковы праект мадэрнізацыі прадпрыемства на перыяд 2005-2010 гадоў быў перагледжаны ў сувязі са змяненнем умоў гаспадарання ў 2007 годзе, растлумачыў гендырэктар. Цяперашні праект мадэрнізацыі мяркуецца рэалізаваць у перыяд да 2014 года. З яго завяршэннем глыбіня перапрацоўкі нафты ўзрасце з 73% у 2009 годзе да 93-94% у 2014 годзе. Прадпрыемства ўжо правяло тэндэр на комплексную пастаўку абсталявання для рэканструкцыі ўстаноўкі першаснай перапрацоўкі нафты. Разам з тым, па словах гендырэктара, "Нафтан" адчувае недахоп уласных сродкаў на рэканструкцыю. На рабочай сустрэчы са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Касінцам, якая прайшла сёння на прадпрыемстве, Вячаслаў Якушаў паведаміў, што распрацоўваецца план мадэрнізацыі і тэхперааснашчэння завода "Палімір" ААТ "Нафтан". Мяркуемы аб'ём інвестыцый ацэньваецца ў $1,8 млрд. Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод "Нафтан" уведзены ў эксплуатацыю ў 1963 годзе, уваходзіць у склад канцэрна "Белнафтахім". Завод спецыялізуецца на выпуску паліўна-алейнай прадукцыі, вырабляе больш за 70 найменняў, у тым ліку масла, бензіны, дызельнае паліва стандарту Еўра-4 і Еўра-5. Каля 70% прадукцыі пастаўляецца ў краіны СНД, Еўрасаюза, на Блізкі Усход і ў ЗША. У канцы 2008 года адбылося далучэнне ААТ "Палімір" да ААТ "Нафтан" і быў створаны нафтахімічны комплекс.-0-