Звыш 330 інвалідаў працаўладкаваны за студзень-кастрычнік у Віцебскай вобласці
16 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці за студзень-кастрычнік бягучага года працаўладкаваны 332 інваліды. Аб гэтым паведаміла начальнік аддзела актыўнай палітыкі занятасці камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Людміла Зайцава сёння на міжнароднай канферэнцыі "Новыя працоўныя месцы: шляхі і сродкі прыцягнення маладых людзей з інваліднасцю да працоўнай дзейнасці", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У тым ліку на заброніраваныя працоўныя месцы працаўладкаваны 226 чалавек. Прафесійную падрыхтоўку па спецыяльнасцях, якія карыстаюцца попытам на рынку працы (ліфцёр, прадавец, аператар кацельні і інш.), прайшлі 39 асоб з абмежаванымі магчымасцямі. Заключаны дагаворы з 26 арганізацыямі на фінансаванне расходаў па стварэнні 65 спецыялізаваных працоўных месцаў. Упершыню ў рэспубліцы праведзены мерапрыемствы па кампенсацыі затрат на захаванне працоўнага месца для інваліда на ПУП "Элуіз" АА "БелТІЗ".
Людміла Зайцава таксама адзначыла, што служба занятасці з кожным інвалідам, які звярнуўся, праводзіць індывідуальную кансультацыйную работу з мэтай далейшага працаўладкавання, аказвае псіхалагічную падтрымку. Разам з тым такім людзям не хапае асабістай актыўнасці: у цяперашні час у рэгіёне працуюць толькі 17,2% усіх інвалідаў, канстатавала яна.
Як адзначыў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА кіраўнік беларуска-шведскага праекта "Сацыяльная інтэграцыя дзяцей і моладзі з абмежаванымі магчымасцямі ў Віцебскай вобласці" з боку Швецыі Ульф Бенгтсан, у апошнія гады ў Беларусі зроблены рэальныя крокі па стварэнні безбар'ернага асяроддзя і сацыялізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. "Прыкладзеныя намаганні прынеслі не толькі непасрэдную карысць людзям гэтай катэгорыі, але і дапамаглі пачаць працэс змены адмоўнага стэрэатыпу, які склаўся ў адносінах да інвалідаў. Свядомасць грамадства пачала мяняцца ў лепшы бок", - сказаў ён.
Міжнародная канферэнцыя сабрала спецыялістаў з розных рэгіёнаў Беларусі, Санкт-Пецярбурга і шведскага Хальмстада. На працягу двух дзён удзельнікі будуць абменьвацца вопытам работы па сацыялізацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Мерапрыемства з'яўляецца часткай беларуска-шведскага праекта. Гэта другі праект паміж Віцебскай вобласцю і Хальмстадам, накіраваны на паляпшэнне жыцця інвалідаў і які фінансуецца за кошт шведскага боку. -0-