Больш за 40 дагавораў аб рэалізацыі інвестпраектаў падпісана на міжнародным бізнес-форуме ў Віцебску

19 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш як 40 дагавораў і пагадненняў аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і рэалізацыі канкрэтных праектаў паміж гарадамі, раёнамі Віцебскай вобласці і замежнымі партнёрамі падпісана ў ходзе Міжнароднага бізнес-форуму "Інвестыцыйныя ініцыятывы Віцебскай вобласці", які сёння адкрыўся ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Значная частка пагадненняў прадугледжвае ажыццяўленне рэальных бізнес-праектаў. У прыватнасці, Полацкі гарвыканкам заключыў дагавор з бізнесменам з горада-пабраціма Электрасталь (Расійская Федэрацыя) аб будаўніцтве бізнес-цэнтра. Сумеснае англа-эстонска-беларускае прадпрыемства "Іклон-Інвест" мае намер рэалізаваць тры інвестыцыйныя праекты ў Оршы. Дагавор аб гэтым падпісаны на бізнес-форуме. Віцебскі райвыканкам пачынае супрацоўніцтва з нямецкай кампаніяй "Біяэнерджы -Імпарт-Фертыбегезельшафт ГмбХСо" па будаўніцтве завода па перапрацоўцы рапсу з агульным аб'ёмам інвестыцый 15 млн. еўра. Віцебскі гарвыканкам і расійскае ТАА "Амакс Гранд хателс" падпісалі пратакол намераў па стварэнні сучаснага турыстычнага гасцінічнага комплексу на базе гасцініцы "Віцебск". Міжнародны інвестыцыйны форум прыцягнуў увагу замежных гасцей амаль з 20 краін. Гарадскія і раённыя адміністрацыі, прадпрыемствы і арганізацыі розных форм уласнасці Віцебскай вобласці прадставілі 150 інвестыцыйных праектаў у розных сферах, агульным аб'ёмам інвестыцый больш за Br1 млрд. Удзельнікі форуму 20 сакавіка працягнуць знаёмства з эканамічным патэнцыялам Віцебскай вобласці і азнаёмяцца з працай дзейных замежных і сумесных прадпрыемстваў.-0-