Больш за 400 чалавек будуць кантраляваць правядзенне ЦТ у Віцебскай вобласці

11 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебская абласная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў дадаткова прыцягнула больш за 400 чалавек для назірання за правядзеннем цэнтралізаванага тэсціравання ў рэгіёне, паведамілі сёння карэспандэнту БЕЛТА ў Камітэце дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці. Супрацоўнікі КДК, упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў, міжраённых аддзелаў КДК, упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС, прадстаўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, работнікі ўстаноў адукацыі і прадстаўнікі грамадскага аб'яднання "БРСМ" будуць забяспечваць кантроль непасрэдна ў кожнай аўдыторыі. У Віцебскай вобласці арганізавана 8 пунктаў тэсціравання на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Віцебскага ўніверсітэта імя П.Машэрава, Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Наваполацкага дзяржаўнага політэхнікума і Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа. Паводле даных на 1 чэрвеня, у гэтых пунктах для праходжання тэсціравання зарэгістраваліся 49595 чалавек, што на 2131 чалавека менш, чым у 2009-м, аднак больш, чым у 2008-м. Для зваротаў грамадзян па спрэчных і праблемных пытаннях, якія могуць узнікнуць падчас здачы выпрабаванняў, працуюць тэлефоны "гарачых ліній". Яны створаны ў Віцебску, Полацку і Оршы. -0-