Звыш 400 чалавек працуюць над аднаўленнем энергазабеспячэння населеных пунктаў Віцебскай вобласці

9 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебскае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства электраэнергетыкі "Віцебскэнерга" павялічыла колькасць рамонтных брыгад для хутчэйшай ліквідацыі наступстваў урагану "Нікалас", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік генеральнага дырэктара "Віцебскэнерга" Ігар Грыцкевіч. На аднаўленчых работах задзейнічаны 104 брыгады, або больш за 400 чалавек, прыцягнута 113 адзінак тэхнікі. Паводле даных на 12 гадзін дня без электраэнергіі застаюцца 19 населеных пунктаў Віцебскай вобласці, рамонтнікам яшчэ трэба аднавіць 7 ліній электраперадач, 30 трансфарматарных будак. Калі стыхія не перашкодзіць, усе работы будуць завершаны ў максімальна хуткія тэрміны, запэўнілі ў "Віцебскэнерга". Паводле даных МНС, толькі за мінулую ноч у вобласці "Нікалас" абясточыў 122 населеныя пункты, 16 ферм, з-за яго пацярпелі 300 трансфарматарных падстанцый і 25 ліній электраперадач. -0-