Больш за 400 будаўнікоў працуюць на рэканструкцыі самай вялікай у Беларусі плошчы
4 верасня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Звыш 400 будаўнікоў працуюць на рэканструкцыі самай вялікай у Беларусі плошчы - плошчы Перамогі ў Віцебску, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Уладзімір Кашаны.
Работы ўступілі ў завяршальную стадыю. Пракладзены інжынерна-тэхнічныя камунікацыі, вядзецца ўкладка пліткі, мантуюцца 4 фантаны і рыхтуюцца зоны для высадкі дрэў. Адных хвойных прадугледжана пасадзіць каля 70.
Паводле графіка, усе работы павінны завяршыцца да лістапада, аднак будаўнікі працуюць з апярэджаннем, таму Уладзімір Кашаны не выключае, што адкрыццё плошчы адбудзецца раней.
Новы аблік плошчы надасць старажытнаму гораду сучасны выгляд. Тут будуць праводзіцца масавыя гарадскія мерапрыемствы. Архітэктары і праекціроўшчыкі прадугледзелі пляцоўку для ўстаноўкі часовай сцэны, месца для гарадской навагодняй елкі, зону для дзіцячых атракцыёнаў. Прадугледжана, што на плошчы будзе ўстаноўлена 4 святлодыёдныя экраны.
Разам з тым Уладзімір Кашаны падкрэсліў, што толькі цэнтрам добраўпарадкаванне Віцебска не абмяжоўваецца. Пераўтварылася ўскраінная вуліца Ленінградская, вядзецца маштабная рэканструкцыя вуліцы Гагарына. Капітальна рамантуюцца дваравыя тэрыторыі ў жылых мікрараёнах.
Плошча Перамогі ў Віцебску з'яўляецца самай вялікай у Беларусі і адной з найбуйнейшых у Еўропе, яе памер складае звыш 72 тыс. кв.м. У плане яна мае прамавугольную форму, з трох бакоў абмежавана жылымі і грамадскімі будынкамі, чацвёрты бок выходзіць да ракі Заходняя Дзвіна. Архітэктурнай дамінантай плошчы з'яўляецца мемарыяльны комплекс у гонар воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны. Галоўны манумент - тры трапецападобныя 56-метровыя абэліскі з мармуру і жалезабетону, аб'яднаныя на 6-метровай вышыні маналітным фрызам з рэльефамі "Воіны", "Партызаны", "Падпольшчыкі". Каля падножжа манумента гарыць Вечны агонь. Да яго наведвальнікаў падводзяць 10 пілонаў з датамі Вялікай Айчыннай вайны і фантаны, якія сімвалізуюць смутныя слёзы па загінулых. Адначасова на плошчы могуць знаходзіцца больш за 200 тыс. чалавек. Сёлета плошчы споўнілася 35 гадоў.-0-