Звыш 500 маладых спецыялістаў прымуць установы адукацыі Віцебскай вобласці ў новым навучальным годзе

20 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Установы адукацыі Віцебскай вобласці ў новым навучальным годзе папоўняць 542 маладыя спецыялісты. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Іван Шчурок сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай завяршэнню бягучага навучальнага года, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах Івана Шчурка, рэгіён у поўнай меры забяспечаны кадрамі. Так, у мінулым годзе па заяўках устаноў адукацыі прыбылі 557 маладых спецыялістаў. У гэтым годзе пры неабходнасці ў 442 педагогах было размеркавана 542 чалавекі. Закранаючы пытанне забеспячэння працай маладых педагогаў, Іван Шчурок падкрэсліў, што сёння ў вобласці працуюць 900 настаўнікаў пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту. Паступова яны саступаюць месца маладым кадрам. Акрамя таго, частка выпускнікоў ВНУ часова накіроўваюцца на працу ў дашкольныя і пазашкольныя ўстановы адукацыі. Па меры вызвалення месцаў яны таксама пераводзяцца ў агульнаадукацыйныя школы. Усяго ў сістэме адукацыі Віцебскай вобласці працуе звыш 51 тыс. чалавек, у тым ліку 28,2 тыс. - педагагічных работнікаў. Вышэйшую адукацыю маюць 91% настаўнікаў, вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю - 32,6%. -0-