Звыш 56 тыс. дзяцей адпачнуць летам у лагерах Віцебскай вобласці
27 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Звыш 56 тыс. дзяцей адпачнуць летам у лагерах Віцебскай вобласці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік прадстаўніцтва Віцебскага абласнога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Алена Андрэйкава.
З іх 26,1 тыс. будуць адпачываць у 36 лагерах кругласутачнага знаходжання, астатніх дзяцей прымуць каля 600 лагераў дзённага знаходжання, 15 арэндаваных і 80 профільных. На падрыхтоўку ўсіх аб'ектаў да летняга сезона з бюджэту дзяржаўнага сацыяльнага страхавання было выдзелена Br273 млн., бюджэту вобласці - Br646,4 млн. і каля Br2 млрд. накіравана са сродкаў уласнікаў.
На змяншэнне кошту пуцёвак для дзяцей работнікаў бюджэтнай сферы і аграпрамысловага комплексу выдзелена Br250 млн. з абласнога бюджэту і Br130 млн. - з Віцебскага гарадскога бюджэту. У залежнасці ад колькасці дзён знаходжання яно складзе ад Br30 тыс. да Br60 тыс. Акрамя таго, горрайвыканкамы выдзеляць сродкі на аплату пуцёвак у лагеры для дзяцей-сірот, дзяцей з шматдзетных, няпоўных сем'яў і іншых катэгорый.
Першым аздараўленчы сезон адкрые лагер "Дружба" у Шумілінскім раёне - 30 мая сюды прыедуць 130 дзяцей. Наступнымі свае дзверы расчыняць лагеры "Магістраль" і "Дружныя хлопцы", а з 9 чэрвеня пачнецца масавае адкрыццё ўсіх аб'ектаў, дадала Алена Андрэйкава.-0-