Звыш 5,8 тыс. шматдзетных сем'яў пражывае ў Віцебскай вобласці

13 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Звыш 5,8 тыс. шматдзетных сем'яў пражывае ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама. Найбольш у рэгіёне шматдзетных сем'яў, у якіх выхоўваецца траіх дзяцей, - па стане на 1 кастрычніка амаль 4,8 тыс. У тэрытарыяльным разрэзе найбольшая іх колькасць пражывае ў Віцебскім (224), Глыбокскім (257), Пастаўскім (241) раёнах. У Віцебску такіх сем'яў 750, у Оршы - 265, у Полацку - 206 і толькі 181 - у Наваполацку. Па чацвёра дзяцей падрастаюць у 832 сем'ях Віцебскай вобласці. Найбольшая колькасць такіх сем'яў сярод усіх раёнаў налічваецца ў Аршанскім - 50, а ў Віцебску іх ужо 103. Па пяцёра дзетак выхоўваюцца ў 223 сем'ях. 19 з іх лічацца ў Докшыцкім раёне, 14 - у Аршанскім, 12 - у Талачынскім, 18 - у Оршы і 33 - у абласным цэнтры. Шматдзетных сем'яў з шасцю дзецьмі ў рэгіёне налічваецца 69, з сямі - усяго 23. Пры гэтым цалкам адсутнічае апошняя катэгорыя сем'яў у Бешанковіцкім, Віцебскім, Гарадоцкім, Лёзненскім, Расонскім, Талачынскім, Ушацкім, Шаркаўшчынскім, Шумілінскім раёнах і Кастрычніцкім раёне Віцебска. Пахваліцца сям'ёй, у якой падрастаюць восем дзетак, могуць толькі пяць рэгіёнаў вобласці: Браслаўскі, Дубровенскі, Аршанскі раёны, Наваполацк і Кастрычніцкі раён Віцебска. І толькі ў Глыбокскім раёне пражываюць дзве такія сям'і. Бацькоў, якія выхоўваюць дзевяць і дзесяць дзяцей, у вобласці няма. Своеасаблівым рэкордам для рэгіёна можна лічыць сям'ю, якая пражывае ў Кастрычніцкім раёне абласнога цэнтра, у якой налічваецца 13 дзяцей (адзін ужо паўналетні), адзначылі ў камітэце.-0-