Звыш 6 тыс. маладых людзей будзе працаўладкавана ў Віцебскай вобласці летам

4 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Звыш 6 тыс. маладых людзей будзе працаўладкавана ў Віцебскай вобласці ў летні перыяд, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным камітэце БРСМ. Больш за 1,3 тыс. юнакоў у складзе 49 будтрадатрадаў будуць заняты на розных будаўнічых аб'ектах вобласці. Ім трэба будзе будаваць жылыя дамы, малочна-таварную ферму, дапамагаць у узвядзенні новай буйной сярэдняй школы ў мікрараёне Білева абласнога цэнтра і ў працах па добраўпарадкаванні плошчы Перамогі. Студэнты Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М.Машэрава будуць павышаць сваё педагагічнае майстэрства ў рабоце з дзецьмі і падлеткамі, якія прыедуць адпачываць у аздараўленчыя лагеры вобласці. Пры гэтым звыш 40 студэнтаў будуць працаваць у лагеры "Блакітная стрэла" пад Санкт-Пецярбургам. Каля 900 маладых людзей залічаны ў сельгасатрады. Іх асноўным відам дзейнасці стане сушка збожжа, уборка лёну, праполка карняплодаў і ялінак. Афармленнем ландшафтных кампазіцый, уборкай прыдарожных палос, месцаў масавага адпачынку будуць займацца каля 1,3 тыс. членаў экалагічных атрадаў. На аналагічных работах будуць заняты і добраахвотнікі з валанцёрскіх атрадаў. Удзельнікаў трэцяга працоўнага семестра ўжо ў бліжэйшыя дні чакае насычанае жыццё. Вынікі іх працы будуць падведзены восенню, дадалі ў абласным камітэце.-0-