Звыш 600 юных жыхароў Віцебшчыны атрымаюць падзячныя лісты ад імя Прэзідэнта Беларусі

26 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Падзячныя лісты ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь атрымаюць больш за 600 маладых жыхароў Віцебскай вобласці - удзельнікаў праекта "Пытанне Прэзідэнту". Аб гэтым паведаміла карэспандэнту БЕЛТА другі сакратар Віцебскага абласнога камітэта грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі" Людміла Капранава. Першыя ўрачыстыя лінейкі, на якіх пройдуць цырымоніі ўручэння лістоў у імянных канвертах, адбудуцца 27 кастрычніка ў сярэдняй школе ў вёсцы Вароны Віцебскага раёна, у сярэдняй школе №3 горада Оршы і сярэдняй школе №44 Віцебска. У вобласці ўдзельнікамі акцыі сталі старшакласнікі, навучэнцы ліцэяў і каледжаў, студэнты ВНУ. Тэматыка пытанняў была разнастайнай. Кагосьці цікавіла развіццё міждзяржаўных адносін Беларусі са сваімі суседзямі, хтосьці пытаўся аб тым, якой бачыць кіраўнік дзяржавы Беларусь у 2020 годзе. Спартсмены цікавіліся праблемамі развіцця фізкультуры і падрыхтоўкай да чэмпіянату свету па хакеі ў 2014 годзе. Былі і пытанні аб тым, як стаць Прэзідэнтам і ці ёсць у Прэзідэнта выхадны. На думку Людмілы Капранавай, арганізатарам акцыі ўдалося прыцягнуць увагу маладога пакалення да грамадска-значных пытанняў і адчуць датычнасць да жыцця краіны. Сумесны маладзёжны праект Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі Усебеларуская акцыя "Пытанне Прэзідэнту" праходзіў ва ўсіх навучальных установах краіны з 14 красавіка па 25 мая 2010 года. У акцыі прынялі ўдзел каля 3 тыс. чалавек.-0-