Звыш 600 удзельнікаў сабрала абласная спартакіяда «Сяльскія гульні» у Пастаўскім раёне

Абласная спартакіяда «Сельскія гульні» на пляцоўцы пастаўскага спартыўна-турысцкага комплексу «Азёркі» сабрала больш за 600 чалавек. Кожная каманда складалася з 29 чалавек, а былі яшчэ заўзятары, арганізатары, суддзі. Тры дні аматараў здаровага ладу жыцця з Бешанковіцкага, Браслаўскага, Верхнядзвінскага, Віцебскага, Глыбоцкага, Гарадоцкага, Докшыцкага, Дубровенскага, Лепельскага, Лёзненскага, Мёрскага, Пастаўскага, Расонскага, Сенненскага, Талачынскага, Чашніцкага, Ушацкага, Шаркаўшчынскага і Шумілінскага раёнаў змагаліся за званне наймацнейшых.

Выдатнага настрою і спартыўных поспехаў пажадалі ім на ўрачыстым адкрыцці гульняў начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Васіль Захарэвіч і старшыня Пастаўскага раённага Савета дэпутатаў Пётр Курто.

Першымі ў паядынку сустрэліся футбалісты, мужчынскія і жаночыя каманды валейбалістаў, у спортзалах ФАК застукалі мячы па тэнісных сталах. Закіпелі запалы на пляцоўках для стрытбола, падняцця гіры, на паласе перашкод, у ціры… У адных відах барацьбы патрэбна была сіла, у іншых спрыт, у трэціх і тое, і другое. Не так проста прайсці адрэзак маршруту па хісткіх мастках падвеснага моста, не страціць часу на пераносе грузу, прапаўзці без штрафных ачкоў «мышалоўку», на падручных сродках даставіць пацярпелага да медпункта.

Капрызная ўдача блукала паміж пляцоўкамі, дапамагаючы то адным, то іншым камандам. Да канца другога дня ў кожным відзе спаборніцтваў вызначыліся свае фаварыты. Дадатковыя балы камандам прынеслі вынікі «візітовак», уладкавання лагераў і паходнай кухні.

Добра выступілі на сцэне каманды Глыбоцкага, Браслаўскага і Мёрскага раёнаў. Іх апавяданні пра сябе, свой раён былі яркімі, артыстычнымі і заслужылі адпаведна першае, другое і трэцяе месцы. Мёрцы падняліся на прыступку вышэй, стаўшы другімі, у міні-футболе і настольным тэнісе, зноў апусціліся на трэцяе ў валейболе, у выніку заваявалі другое агульнакаманднае месца.

Няўдалая «візітоўка» адбілася на канчатковым выніку Верхнядзвінскай каманды. Выйграўшы ў міні-футболе, тэнісе, стрытболе, яна была толькі чатырнаццатай у «прадстаўленні сябе» – у выніку трэцяе агульнакаманднае месца.

Пераможцай жа «Сельскіх гульняў – 2022» сталі глыбчане.

Але па вялікім рахунку прайграўшых не было – выйгралі ўсе. Тры дні ў крузе сяброў пайшлі на карысць здароўю, умацавалі дружбу, прымусілі кожную каманду падумаць, над чым трэба папрацаваць, каб на наступных гульнях выйграць.

"Віцебскія весці".