Звыш 6,5 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу»
25 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Звыш 6,5 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі "Тыдзень лесу", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным вытворчым лесагаспадарчым аб'яднанні (ВАВЛГА).
Апроч работнікаў лясной гаспадаркі актыўнымі ўдзельнікамі акцыі сталі школьнікі, актывісты БРСМ, педагогі, прадстаўнікі мясцовых органаў улады, мытні, банкаўскай сферы, сацыяльнай службы, аховы здароўя, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, МНС, спартсмены. Іх агульнымі намаганнямі створана 677,2 га лясных насаджэнняў сосны і бярозы, прыбрана 370 га прыдарожных палос. Асаблівая ўвага надавалася навядзенню парадку ў парках, алеях, месцах масавага адпачынку, рамонту прыдарожных альтанак. Удзельнікі "Тыдня лесу" папрацавалі амаль на 150 такіх аб'ектах. Пры гэтым праводзілася не толькі іх добраўпарадкаванне, але і ствараліся новыя аб'екты.
Зацікаўленасць жыхароў Віцебскай вобласці ва ўдзеле ў акцыі з году ў год павышаецца. Пра гэта сведчыць шырокі спектр сфер, якія прадстаўляюць удзельнікі акцыі. Многія працоўныя калектывы часта самі прапануюць рэалізаваць у рамках акцыі розныя цікавыя прапановы.-0-