Звыш 700 дзіцячых работ прадстаўлена на міжнароднай выставе-конкурсе "Перспектыва" у Віцебску
1 чэрвеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Пераможцаў міжнароднай выстаўкі-конкурсу творчых работ вучняў мастацкіх школ і школ мастацтваў "Перспектыва" назавуць сёння ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў гарадскім Цэнтры сучаснага мастацтва.
У конкурсе прымаюць удзел 519 дзяцей, якія прадстаўляюць Віцебск, Полацк, Наваполацк (Віцебская вобласць), Раслаўль і Дзяснагорск (Смаленская вобласць, Расія), Рэзекнэ і Даўгаўпілс (Латвія), нямецкія гарады Нінбург і Лоокум, а таксама правінцыю Цзінань Кітая. Агулам імі створана каля 740 творчых работ, прысвечаных Году роднай зямлі. Характэрна, што для іх размяшчэння спатрэбілася шэсць выставачных залаў.
Створаныя творы ахопліваюць практычна ўсе віды выяўленчага мастацтва: жывапіс, графіку, дызайн, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Тэмы ў іх закранаюцца самыя розныя, напрыклад, экалогія, здаровы лад жыцця. Галоўнае, што праз гэтыя работы можна ўбачыць свет такім, якім бачаць яго дзеці, адчуць іх настроі і імкненні. Пры гэтым мастацкі ўзровень выканання дастаткова высокі. З высокай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што ў будучыні некаторыя з гэтых пакуль юных талентаў атрымаюць шырокае прызнанне і будуць экспанавацца ў самых прэстыжных мастацкіх галерэях. Пакуль жа пазнаёміцца з іх творчасцю можна ў Віцебску да 8 чэрвеня.
Лепшыя работы ў кожнай з прадстаўленых абласцей мастацтва будуць названы па ўзроставых катэгорыях: у малодшай (6-10 гадоў), сярэдняй (11-14 гадоў) і старэйшай (15-18 гадоў) узроставых групах. Імёны пераможцаў агучаць сёння вечарам на ўрачыстай цырымоніі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. У якасці падарунка ўдзельнікам і гасцям конкурсу будзе паказаны музычны спектакль "Прывітанне, Брадвей".
Аднак да афіцыйнага мерапрыемства дзеці яшчэ паспеюць паўдзельнічаць у акцыі, прысвечанай Міжнароднаму дню абароны дзяцей. Прысвячэнне гэтай даце яны намалююць фарбамі на вялікіх планшэтах, каляровымі меламі на асфальце і маркерамі на паветраных шарыках. Мерапрыемства адбудзецца ў 15.00 на пляцоўцы перад Цэнтрам сучаснага мастацтва.
Арганізатарамі выстаўкі-конкурсу "Перспектыва" выступаюць Віцебскі гарвыканкам, аддзел культуры Віцебскага гарвыканкама, музей "Віцебскі цэнтр сучаснага мастацтва", адміністрацыя дзіцячых мастацкіх школ і школ мастацтваў Віцебска. Праект закліканы папулярызаваць сярод моладзі гісторыка-культурную спадчыну Віцебскага народнага мастацкага вучылішча, заснаванага Маркам Шагалам і Казімірам Малевічам, спрыяць абмену вопытам мастацкага навучання дзяцей розных краін.-0-