Звыш 88 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці вакцынаваныя супраць сезоннага грыпу
5 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Звыш 88 тыс. жыхароў Віцебскай вобласці, паводле даных на 4 лістапада, вакцынаваны супраць сезоннага грыпу, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА загадчык аддзела імунапрафілактыкі Віцебскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Мікалай Новікаў.
Прышчэпачная кампанія ў вобласці прадоўжыцца да канца бягучага тыдня. Амаль палова вакцынаваных - дзеці. За кошт сродкаў арганізацый прышчэплены 4,5 тыс. дарослых. Найбольшую заклапочанасць пра здароўе сваіх работнікаў праявілі прадпрыемствы Віцебска і Полацка. Яны аплацілі прышчэпкі 2,3 тыс. і 2,1 тыс. работнікаў адпаведна.
Нягледзячы на панічную скупку лекавых прэпаратаў у аптэках вобласці, жыхары рэгіёна не спяшаюцца аплачваць прышчэпку са свайго кішэні. За ўласны кошт вакцынаваліся толькі 89 дарослых, 16 дзяцей прышчэплены за сродкі бацькоў.
Паводле даных абласнога цэнтра гігіены, у вобласці перавышэнне пагранічнага ўзроўню захворвання на рэспіраторныя інфекцыі і грып паступова памяншаецца. Разам з тым прафілактычныя абмежавальныя мерапрыемствы дзейнічаюць у 161 агульнаадукацыйнай школе вобласці. З 6 лістапада заняткі будуць адменены ў двух прафесійных ліцэях у Віцебску і Оршы, а таксама яшчэ ў 8 школах рэгіёна.-0-