Звыш 97% жыхароў гарадоў і райцэнтраў Віцебшчыны забяспечаны якаснай пітной вадой

Свыше 97% жителей городов и райцентров Витебщины обеспечены качественной питьевой водой

Больш за 97% жыхароў гарадоў і райцэнтраў Віцебскай вобласці забяспечаны якаснай пітной вадой. Такія вынікі рэалізацыі рэгіянальнай праграмы "Чыстая вада" ў мінулай пяцігодцы агучыў на пасяджэнні аблвыканкама начальнік упраўлення ЖКГ Юрый Дзядзела.

Дзяржаўная праграма па водазабеспячэнні і водаадвядзенні "Чыстая вада" на 2011-2015 гады і адпаведная абласная праграма закліканы стварыць спрыяльныя ўмовы пражывання людзей шляхам паляпшэння забеспячэння насельніцтва якаснай пітной вадой, мадэрнізацыі збудаванняў ачысткі сцёкавых вод, развіцця і павышэння надзейнасці сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення. За мінулы перыяд на рэалізацыю праграмы ў Віцебскай вобласці выдзелена Br145 млрд. Выкананне прадугледжаных мерапрыемстваў дазволіла забяспечыць цэнтралізаваным водазабеспячэннем і пітной вадой нарматыўнай якасці 97,1% насельніцтва абласнога і раённых цэнтраў, а таксама 78,8% насельніцтва аграгарадкоў, палепшыць экалагічную абстаноўку і павысіць надзейнасць сістэмы каналізавання ў Гарадку, Дубровне, Шаркаўшчыне, Расонах.

Усяго ў праграму было ўключана 147 аб'ектаў: ачышчальныя збудаванні, водазаборы, станцыі абезжалезвання і г.д. Пакуль пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю 47. У 2015 годзе мерапрыемствы выконваюцца ў адпаведнасці з выдзяляемым фінансаваннем. Так, вядзецца будаўніцтва і рэканструкцыя 15 аб'ектаў водазабеспячэння, тэрміны па двух з якіх падоўжылі. Паралельна ідуць работы па праектаванні і капрамонце 13 аб'ектаў водаправодна-каналізацыйных гаспадарак. На гэтыя мэты з абласнога бюджэту прадугледжана фінансаванне ў суме Br8,6 млрд. За кошт сродкаў пазыкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця (МБРР) за 2011-2014 гады ўведзена ў эксплуатацыю 5 аб'ектаў водазабеспячэння і водаадвядзення. Завершана праектаванне сістэм каналізавання ў гарадах Верхнядзвінск і Глыбокае. Будаўніцтва названых аб'ектаў плануецца выканаць у наступныя гады. На гэтыя мэты прадугледжваецца прыцягненне Рэспублікай Беларусь дадатковай пазыкі МБРР, для Віцебскай вобласці вызначана сума $22,2 млн. У сітуацыі, якая склалася, калі дэфіцыт сродкаў не дазваляе ў поўнай меры рэалізаваць праграму пяцігодкі, якая сыходзіць, значную частку запланаваных аб'ектаў (з нізкай ступенню гатоўнасці або не пачатых зусім) даводзіцца пераносіць на наступныя гады. У праект дзяржаўнай праграмы "Чыстая вада" на 2016-2020 гады, які распрацоўваецца, прапанавана ўключыць 137 аб'ектаў у Віцебскай вобласці.

Кацярына Князева, БЕЛТА.