Звыш Br2 млрд. будзе накіравана на павышэнне зарплаты работнікам бібліятэк Віцебскай вобласці
21 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Віцебскі абласны Савет дэпутатаў сёння на пазачарговай сесіі прыняў рашэнне аб устанаўленні надбавак работнікам бібліятэчнай сістэмы вобласці. На гэтыя мэты прадугледжваецца накіраваць з абласнога бюджэту звыш Br2 млрд., перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэта дазволіць ужо з 1 мая павялічыць зарплату бібліятэчным работнікам у сярэднім на Br140 тыс., паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама Ларыса Аленская. Прадугледжваецца ўвядзенне двух відаў надбавак: за адукацыю і за інтэнсіўнасць працы. Для асоб з вышэйшай профільнай адукацыяй і першай групай па аплаце працы павышэнне складзе Br200 тыс., для спецыялістаў больш нізкіх кваліфікацыйных катэгорый прадугледжаны надбаўкі ад Br80 тыс. да Br160 тыс.
Магчымасць павышэння аплаты працы работнікам бібліятэк даручыў прапрацаваць старшыня аблвыканкама Аляксандр Косінец падчас нядаўняга наведвання Віцебскай абласной бібліятэкі. "Для работнікаў культуры гэта рашэнне з'яўляецца ў пэўным сэнсе гістарычным і дазволіць не толькі падтрымаць работнікаў бібліятэк, але і даць ім дадатковы стымул да павышэння кваліфікацыі", - лічыць Ларыса Аленская.
Усяго ў вобласці дзейнічае 666 бібліятэк, у тым ліку 544 установы працуюць у сельскай мясцовасці, 40 дзіцячых бібліятэк, 56 гарадскіх і пасёлкавых. У гэтай сферы працуе больш за 1,5 тыс. спецыялістаў, з якіх каля 67% маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную профільную адукацыю. Сярэдняя зарплата ў бібліятэчнай сістэме вобласці складае каля Br450 тыс., а ў цэлым па сферы культура яна склалася на ўзроўні Br530 тыс.-0-