Больш за Br279 млрд. накіравана ў I паўгоддзі на развіццё малых гарадоў Віцебскай вобласці
11 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Звыш Br279 млрд. накіравана ў студзені-чэрвені гэтага года на развіццё малых гарадоў Віцебскай вобласці ў межах рэалізацыі Дзяржаўнай комплекснай праграмы развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў на 2007-2010 гады, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама.
Сродкі інвеставаны ў развіццё сацыяльнай інфраструктуры, стварэнне новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, рабочых месцаў, будаўніцтва жылля.
Аб'ём вытворчасці прамысловай прадукцыі ў мінулым перыядзе ў малых гарадах павялічыўся на 18,7% у параўнанні са студзенем-чэрвенем мінулага года, спажывецкіх тавараў - адпаведна на 13,9%, зарэгістравана 128 малых прадпрыемстваў. Іх агульная колькасць на 1 ліпеня дасягнула 1380 (92,3% да задання). Павелічэнне аб'ёмаў прамысловай прадукцыі і спажывецкіх тавараў адзначаецца ў гарпасёлках Баравуха (адпаведна ў 2 разы і 2,2 раза да студзеня-чэрвеня 2009 года), Бегамль (148,7% і 147,9%), гарадах Дзісна (141,3% і 160%), Лепель (153% і 134,3%).
Захоўваецца стабільнай сітуацыя і на рынку працы малых і сярэдніх гарадскіх паселішчаў вобласці. Так, колькасць насельніцтва, занятага ў эканоміцы малых гарадоў, у студзені-чэрвені дасягнула 125,7 тыс. чалавек, або практычна 100% да гадавога задання. Узровень беспрацоўя па выніках паўгоддзя на 1 ліпеня склаў 1%. Створана 2,6 тыс. новых рабочых месцаў (56,7% да задання 2010 года). Намінальная налічаная заработная плата ў чэрвені склала Br945,4 тыс.-0-