Звыш Br40 млрд. будзе накіравана ў Віцебскай вобласці на падрыхтоўку да новага ацяпляльнага сезона

3 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Звыш Br40 млрд. будзе накіравана ў Віцебскай вобласці на падрыхтоўку да новага ацяпляльнага сезона. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама Анатоль Судак. Укладанні на тэхнічнае перааснашчэнне кацельняў складуць Br15 млрд. За кошт гэтых сродкаў трэба будзе мадэрнізаваць або замяніць 25 дзеючых катлоў, а таксама набыць 8 катлоў з механізаванай загрузкай, якія працуюць на мясцовых відах паліва, сумарнай магутнасцю 31 МВт. Абсталяванне будзе ўстаноўлена ў Сянне, Верхнядзвінску, Браславе, Мёрах і Ушачах. Эканомія ад яго эксплуатацыі складзе 7-8 млн.куб.м газу. Акрамя таго, значны аб'ём работ трэба выканаць па мадэрнізацыі цеплавых сетак. Да наступлення зімы ў вобласці трэба замяніць 100 км цепласетак. Аб'ём фінансавання на гэтыя мэты прадугледжаны ў памеры Br28 млрд. Цалкам завяршыць работы па падрыхтоўцы да новага ацяпляльнага сезона прадпрыемствам ЖКГ трэба да 1 кастрычніка. Мінулы ацяпляльны сезон, які завяршыўся ў Віцебскай вобласці ў канцы красавіка, прайшоў паспяхова. Нягледзячы на суровую зіму, абышлося без парываў трубаправодаў і збояў з ацяпленнем. Усяго было зрасходавана 247 тыс.т, у тым ліку 107,9 тыс.т (43,7%) - мясцовых відаў паліва.-0-