Звыш Br40 млрд. накіравана на рамонт устаноў адукацыі Віцебскай вобласці ў 2009 годзе

25 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Звыш Br40 млрд. накіравана на рамонт устаноў адукацыі Віцебскай вобласці ў 2009 годзе. Пра гэта паведаміў сёння журналістам начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Іван Шчурок, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Сёння ўсе навучальныя ўстановы вобласці гатовыя да новага навучальнага года", - канстатаваў Іван Шчурок. Паводле яго слоў, у вобласці вырашаны ўсе пытанні з педагагічнымі кадрамі, на першае месца працы выйдуць 502 маладыя педагогі. Пры гэтым у сістэме адукацыі ўдалося пазбегнуць скарачэння выкладчыцкага складу. Каб забяспечыць школы неабходнымі кадрамі, а настаўнікаў, якія вызваляюцца, - працай, вялікая ўвага надаецца іх перападрыхтоўцы. Больш за 150 педагогаў накіраваны ў Мінскі педагагічны ўніверсітэт ім. М.Танка для атрымання другой спецыяльнасці, у асноўным гаворка ідзе пра спецыяльнасць "матэматыка". Акрамя таго, каля тысячы педагогаў вучацца завочна ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце ім. П.Машэрава. Школы цалкам забяспечаны падручнікамі, ужо паступіла 111 найменняў вучэбнай літаратуры. Гэтае пытанне знаходзіцца на кантролі, і пры неабходнасці вучэбная літаратура будзе аператыўна пераразмеркавана паміж школамі, адзначыў Іван Шчурок. Акрамя таго, на набыццё камп'ютарнай тэхнікі сёлета выдзелена больш за Br2 млрд. У выніку рэарганізацыі колькасць гімназій у рэгіёне павялічылася да 25, у тым ліку 8 гімназій працуюць у сельскай мясцовасці. Разам з тым закрыта 21 школа, у тым ліку 3 вячэрнія, 10 пачатковых і 8 базавых. Усяго ў вобласці налічваецца 600 агульнаадукацыйных школ. 1 верасня за парты сядуць больш за 120 тыс. вучняў агульнаадукацыйных школ, у тым ліку 10 тыс. 250 першакласнікаў.-0-