Звыш Br500 млн. будзе накіравана на рэканструкцыю месцаў воінскай славы ў Віцебскай вобласці

29 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Звыш Br500 млн. будзе накіравана на рэканструкцыю месцаў воінскай славы ў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама. З абласнога бюджэту на рэканструкцыю трох буйных аб'ектаў накіруюць Br500 млн. Сродкі пойдуць на аднаўленне адзіных у Беларусі афіцэрскіх могілак у вёсцы Стасева (Лёзненскі раён), мемарыяльных комплексаў "Борак" (Глыбоцкі раён) і "Праклён фашызму" (Докшыцкі раён, на месцы вёскі Шунеўка, дзе ў маі 1943 года фашысты спалілі мясцовае насельніцтва). Тут плануецца адрэстаўраваць пліты, надмагіллі, абеліскі, сістэмы асвятлення, правесці добраўпарадкаванне тэрыторый. Не застануцца без увагі і іншыя менш буйныя, але не менш значныя аб'екты воінскай доблесці рэгіёна. Частка сродкаў на іх рамонт будзе накіравана з грошай, заробленых жыхарамі Віцебскай вобласці на рэспубліканскім суботніку. Свой уклад у аднаўленне мемарыялаў і пахаванняў зробяць актывісты БРСМ і шэфы (школы, прадпрыемствы, сельгасарганізацыі і г.д.), замацаваныя за кожным з такіх аб'ектаў, што знаходзяцца на тэрыторыі вобласці. Правядзенне рамонту і добраўпарадкавання пачнецца адразу, як толькі ўсталюецца спрыяльнае для гэтага надвор'е. Завяршыць усе работы плануецца да ліпеня.-0-