Звыш Br70 млрд. накіравана сёлета на будаўніцтва спартыўнай інфраструктуры ў Віцебскай вобласці
17 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Рэканструяваны цэнтральны спартыўны стадыён сёння ўрачыста адкрыецца ў Глыбокім (Віцебская вобл.), паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле фізічнай культуры, спорту і турызму Глыбоцкага райвыканкама.
Работы на аб'екце былі пачаты яшчэ ў 1999 годзе. Аднак па шэрагу прычын будаўніцтва замарожвалася. І вось, нарэшце, глыбачане атрымалі сучасны гарадскі стадыён. Тут ёсць футбольнае поле, лёгкаатлетычны сектар, бегавыя дарожкі з сучасным пакрыццём. Адначасова за ходам спартыўных баталій могуць назіраць 2,5 тыс. гледачоў, у тым ліку і з VIP-ложы. Акрамя таго, на стадыёне размясціліся трэнажорная зала, раздзявалкі, кабінеты ўрача і суддзяў. На рэканструкцыю было накіравана звыш Br7 млрд.
Адкрыццё стадыёна дасць штуршок не толькі да далейшага развіцця спорту вялікіх дасягненняў у раёне, але і павялічыць шэрагі аматараў-фізкультурнікаў, лічаць у райвыканкаме. Каля 400 падлеткаў - жыхароў раёна актыўна займаюцца ў дзіцяча-юнацкіх спортшколах, з іх 10 чалавек з'яўляюцца членамі Нацыянальнай зборнай. Асаблівай папулярнасцю ў маладых карыстаюцца грэка-рымская барацьба, лёгкая атлетыка, бокс, конны спорт.
Як адзначылі ва ўпраўленні фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама, толькі ў бягучым годзе на будаўніцтва і рэканструкцыю спартыўных збудаванняў будзе накіравана больш за Br70 млрд. Пры гэтым большая частка сродкаў накіроўваецца на стварэнне спартыўнай інфраструктуры ў райцэнтрах і аграгарадках. Новыя фізкультурна-аздараўленчыя комплексы ўжо з'явіліся ў Расонах, Міёрах, Паставах.-0-