Звыш ста кантэйнераў для збору адпрацаваных батарэек устаноўлена ў крамах Віцебскай вобласці
29 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш за сто кантэйнераў для збору адпрацаваных батарэек устаноўлена ў магазінах Віцебскай вобласці, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА галоўны спецыяліст Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Марыя Аленева.
Сістэма збору адходаў усіх відаў батарэек ствараецца ў адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай збору (нарыхтоўкі) і перапрацоўкі другаснай сыравіны на 2009-2015 гады. Кантэйнеры ўсталёўваюцца на прадпрыемствах, якія рэалізуюць элементы харчавання насельніцтву. Напрыклад, у Віцебску такія ёмістасці ўстаноўлены ў 9 буйных магазінах, у Оршы - у пяці. У Полацку і Наваполацку адпрацаваныя батарэйкі можна адправіць на ўтылізацыю ў 14 аб'ектах гандлю. У райцэнтрах кантэйнеры, як правіла, усталёўваюцца ва універмагах, магазінах "Прамтавары", "Культтавары". Пасля таго, як кантэйнеры напоўняцца, батарэйкі будуць перададзены для збясшкоджвання і ўтылізацыі ў "Белрэсурсы".
Абласны камітэт прыродных рэсурсаў прыступіў да актыўнай асветніцкай кампаніі сярод насельніцтва, арыентаванай на правільны збор і ўтылізацыю элементаў харчавання. Як растлумачыла Марыя Аленева, адпрацаваныя батарэйкі з часам ператвараюцца ў таксічныя адходы, бо ўтрымліваюць цяжкія металы: свінец, кадмій, нікель, цынк. Адна пальчыкавая батарэйка пры траплянні ў навакольнае асяроддзе здольна забрудзіць 1 куб.м глебы або 400 л вады.
Усяго ў Беларусі плануецца ўсталяваць у бягучым годзе 603 кантэйнеры для збору адпрацаваных батарэек.-0-