Звыш Br500 млрд. плануецца вылучыць у 2013 годзе на мадэрнізацыю медустаноў Віцебскай вобласці

Свыше Вr500 млрд. планируется выделить в 2013 году на модернизацию медучреждений Витебской области

Звыш Br500 млрд. плануецца вылучыць у 2013 годзе на мадэрнізацыю і рэканструкцыю медустаноў Віцебскай вобласці, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні аховы здароўя Віцебскай вобласці.

У бягучым годзе завершыцца будаўніцтва тэрапеўтычнага корпуса бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі і двух блокаў абласной клінічнай бальніцы. Скончыцца рэканструкцыя абласных псіхіятрычнай і інфекцыйнай бальніц. Будзе ўведзена ў эксплуатацыю трохпавярховая прыбудова да Віцебскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы. Працягнецца ўзвядзенне паліклінікі ў мікрараёне "ЮГ-7" у Віцебску.

У 2012 годзе на капітальны рамонт і абнаўленне матэрыяльнай базы аб'ектаў аховы здароўя было затрачана Br280 млрд. Маштабнымі праектамі мінулага года ў аблздраве лічаць капітальны рамонт Віцебскай гарадской цэнтральнай дзіцячай паліклінікі і Шаркаўшчынскай цэнтральнай раённай бальніцы. Усяго ў мінулым годзе ўведзена ў эксплуатацыю звыш васьмі дзясяткаў медыцынскіх аб'ектаў, з іх 36 – у сельскай мясцовасці.

Сур'ёзныя пераўтварэнні ў сістэме аховы здароўя вобласці дазволілі зэканоміць Br17 млрд. Аказанне медыцынскай дапамогі ў асноўным было пераключана на амбулаторна-паліклінічнае звяно: такое лячэнне менш дарагое і дае эканамічны эфект. Экспарт медыцынскіх паслуг узрос удвая ў параўнанні з 2011 годам. У цэлым пазабюджэтныя даходы медыкаў склалі прыкладна дзясятую частку ад бюджэтнага фінансавання, што дало магчымасць павялічыць заработную плату і накіраваць частку сродкаў на набыццё абсталявання і ўкараненне новых тэхналогій у абласных клініках.

Капітальныя ўкладанні ў медыцыну адбіліся на дэмаграфічнай сітуацыі ў рэгіёне. Працягласць жыцця ў 2012 годзе ў сярэднім у вобласці склала 71 год. Значна знізілася агульная смяротнасць, асабліва сярод людзей працаздольнага ўзросту - на 1 праміле. Адсутнічала матчына смяротнасць.