Сыр "Поставы гарадок": вельмі смачна, вельмі!
У лідарах – Chedder Red
Спадабаўся сыр нават Прэзідэнту, які нядаўна падчас рабочай паездкі наведаў ААТ "Пастаўскі малочны завод". Азнаёміўшыся з вытворчасцю, пагаварыўшы з работнікамі прадпрыемства, Аляксандр Лукашэнка прадэгуставаў некалькі відаў прадукцыі. "Вельмі смачна! Вельмі!" – сказаў ён, пакаштаваўшы сыр Chedder Red.
– На наступным тыдні Chedder Red знік з прылаўкаў усіх харчовых крам нашага горада, – распавядае з усмешкай дырэктар ААТ "Паставы гарадок" Канстанцін Гайлеўскі пра тое, як узляцелы попыт на знакаміты сыр прымусіў крамы тэрмінова папаўняць яго запасы. – Мясцовыя пакупнікі патрабавалі ў прадаўца той, які спадабаўся кіраўніку дзяржавы. Між тым хачу адзначыць: ён спрабаваў і іншыя нашы сыры.І хоць уся лінейка сыроў брэнда "Паставы гарадок", як кажуць у народзе, са знакам якасці і мае свой пазнавальны густ, трэба прызнаць, што Chedder Red ("Чырвоны чэдэр") – асаблівы выпадак. Вось і ў нашых суседзяў расіян ён вельмі папулярны. Рост спажывецкага інтарэсу адбіўся на тым, што яго выпуск склаў 30% сырнага кошыка завода!
– Вырабляем таксама Chedder White, – распавядае намеснік дырэктара па вытворчасці Таццяна Цітова. – Абодва "Чэдэр" маюць унікальны густ і водар, абодва – 30-дзённага выспявання. – Зрэшты, усе нашы сыры знайшлі сваіх прыхільнікаў. Выкарыстанне асаблівых заквасак і культур робіць адзін адрозным ад іншага. Спецыялісты завода працягваюць вывучаць сакрэты сыраробаў Чэхіі, Польшчы, Расіі. Нядаўна майстар-сырароб Святлана Цімашэнка ездзіла ў Расію ў Угліч.
У прыярытэце – Расія
Значная частка сыру і масла пастаўляецца ў іншыя краіны. Доля экспарту па гэтых двух пазіцыях складае 60%, па сыры – так і зусім 90%! У гэтым годзе 100% экспарту ідзе ў Расію. Геаграфія продажаў – ад Смаленска да Іркуцка, Краснаярска і Далёкага Усходу. Рынак Расійскай Федэрацыі – самы выгадны ў плане збыту. Рост замежных продажаў за 7 месяцаў 2022 года склаў 139% да аналагічнага перыяду 2021-га.
За 7 месяцаў з пачатку года завод нарошчваў вытворчасць усіх відаў прадукцыі. За гэты час выпуск сыру ў натуральным вымярэнні склаў 103,9%, масла – 177%, молатапрадукцыі – 102,2%. Натуральна, вырасла і выручка па заводзе на 137%. На тысячу рублёў, затрачаных на набыццё тоны сыравіны, атрымана 1,6 тыс. руб. прадукцыі. Прыбытак ад рэалізацыі прадпрыемства за 7 месяцаў – 20 млн рублёў, чысты прыбытак – 9,8 млн рублёў, рэнтабельнасць продажаў – 19,5%. Зніжэнне затрат на 1 рубель вырабленай прадукцыі – 11% (пры заданні 2,6%).
Завод прайшоў атэстацыю вытворчасці на адпаведнасць патрабаванням "Халяль", што дае зялёнае святло рэалізацыі ва Узбекістане, Казахстане, рэгіёнах Расіі з кампактным пражываннем мусульман.
Камандны поспех
– Поспех завода – гэта камандны поспех! – лічыць дырэктар ААТ "Паставы гарадок" Канстанцін Гайлеўскі. – Усё трымаецца на людзях. Майстры сваёй справы – наш залаты фонд.
Людзі шануюць працоўнае месца, ганарацца заводам. Яно і зразумела. Сярэдняя заработная плата за ліпень склала 2 тыс. руб. (сярэдняя за 7 месяцаў – 1,653 тыс. руб). Для работнікаў прадугледжаны прывабны сацпакет: матэрыяльная дапамога да Новага года, 8 Сакавіка, 23 лютага, аклад да адпачынку, да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі, 320 рублёў – на закупку гародніны. 20 базавых налічана на нараджэнне дзіцяці, юбілей, сыход на пенсію і, не дай Бог, смерць блізкіх.
Канстанцін Генрыхавіч лічыць, што прадпрыемству пашанцавала і з моцнай камандай галоўных спецыялістаў, у тым ліку – першы намеснік дырэктара Георгій Косцянь, намеснік дырэктара па вытворчасці Таццяна Цітова, галоўны тэхнолаг Святлана Германовіч, галоўны механік Іван Чаплінскі, начальнік аддзела збыту Алена Антоновіч. Усе планы абмяркоўваюцца, аналізуюцца калегіяльна, але канчатковы вердыкт усё ж за дырэктарам.
Так, напрыклад, было прынята рашэнне аб куплі лініі па вытворчасці тварагу ў адной з фірмаў Славакіі, якая раней пастаўляла заводу абсталяванне: прадавец – правераны. І хоць з-за санкцый куплю давялося адкласці з прычыны праблем у атрыманні крэдыту, прадпрыемства знайшло выйсце: вырашыла набыць гэтае абсталяванне за ўласныя сродкі.
Прыклад для моладзі
З ростам папулярнасці сыроў брэнда "Паставы гарадок" прадпрыемства набыло дзве лініі нарэзкі – бруском і слайсам. Завод наразае прыкладна траціну свайго сыру – да 200 тон у месяц. Зручную расфасоўку ацанілі і прадаўцы, і спажыўцы. Мы таксама наведалі лінію нарэзкі, дзе пазнаёміліся з майстрам-сыраробкай Нінай Барсук, якая нядаўна за майстэрства, шматгадовую адданасць сваёй справе ўзнагароджана медалём "За працоўныя заслугі". Сціплая, працуючая на сумленне Ніна Пятроўна ўжо 23-і год на заводзе. Пачынала рабочай, дарасла да майстра-сыраробкі. Добрасумленнасць, творчае стаўленне да прафесіі зрабілі Ніну Барсук прыкладам для моладзі.
Прадпрыемства клапоціцца і пра беларусаў. Уся лінейка "цэльнамалачковых" прадуктаў – ад малака, кефіру, ражанкі, смятаны да вяршкоў – ідзе на ўнутраны рынак. Нядаўна фірменны магазін "Алёнка", адкрыты побач з заводам, пераехаў у новы будынак, што ўжо паспеў па вартасці ацаніць пакупнік.
Свой поспех калектыў Пастаўскага малочнага падзяляе з аграрыямі: з пачатку года падняў закупачныя цэны на малако на 116%. Гэтым прадпрыемства зацікавіла жывёлаводаў як свайго раёна, так і за межамі вобласці. На кошце тавару ў крамах такі крок не адбіўся. Клопат пра пакупнікоў, іх кашалькі – састаўная частка палітыкі харчовай бяспекі краіны. Для дастаўкі малочнай сыравіны і гатовай прадукцыі ў гандлёвыя сеткі завод мае свой аўтапарк з сотні аўтамабіляў.
Два з паловай гады ААТ "Пастаўскі малочны завод" застаецца лакаматывам аграпрамысловага аб'яднання, у якое ўвайшло яшчэ пяць аграгаспадаркаў раёна. Наколькі эфектыўныя механізмы аб'яднання, арганізаванага па ўказе Прэзідэнта №70 "Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці" ад 25 лютага 2020 года? Хто ў гэтай камандзе аказаўся ў большым выйгрышы?
У выйгрышы – усе
– Безумоўна, выйгралі гаспадаркі, – адзначыў дырэктар ААТ "Пастаўскі малочны завод" Канстанцін Гайлеўскі. – Па-першае, праведзена рэструктурызацыя амаль 40% іх даўгоў (толькі прадпрыемству яны павінны каля 10 млн рублёў). Аб'яднанне створана для таго, каб загрузіць перапрацоўку сыравінай. Парадокс у тым, што наш завод і да гэтага быў забяспечаны сыравінай на 100%, якую мы закупляем як у раёне, так па ўсёй Віцебскай вобласці, а таксама за яе межамі. А паколькі прадпрыемства не мае і не мела даўгоў, плюсаў ад аб'яднання яно не атрымала, – удакладніў суразмоўца.
Па-другое, завод прапанаваў гаспадаркам цэнтралізаваную сістэму закупак. Усё неабходнае для іх (сродкі абароны раслін, плёнку для ўкрыцця сенажных траншэй і г.д.) стала набываць служба закупак завода. Працуем без адтэрміноўкі плацяжу, па перадаплаце. Купля праз тэндары адсекла нявыгадных і несумленных пастаўшчыкоў. Вынік: эканомія гаспадарак склала 30–40%.
Па-трэцяе, на палях усіх пяці гаспадарак стаў працаваць спецыяльна створаны на заводзе мехатрад.
– Пры гэтым для двух з іх сваёй тэхнікай выконваем усе віды сельгасработ: акопваем, сейем, прыбіраем, – распавядае Канстанцін Генрыхавіч. – Завод закупіў 26 трактароў, увесь шлейф прычапной тэхнікі. Яшчэ 13 трактароў аддалі гаспадаркам у арэнду. Раней прадпрыемства набыло тры кормаўборачныя камбайны (два ААТ "Гомсельмаш" і адзін JAGUAR), сёлета – яшчэ і два збожжаўборачныя New Holland з 11-метровымі жняяркамі. Для гаспадарак узялі ў лізінг дадаткова 10 камбайнаў, – пералічвае напрацоўкі дырэктар завода і ўдакладняе: – Мехатрад зарплату атрымлівае на заводзе. Дарэчы, зімой механізатары не сядзяць без справы – рыхтуюць тэхніку да сезона, запчасткі для рамонту якой таксама закупляем мы! Таксама займаемся водазабеспячэннем, бурэннем свідравін, заменай помпаў, рамонтам даільнага абсталявання і тэлежак навазавывазкі.
Па-чацвёртае, у структуры Пастаўскага малочнага ёсць уласная ветгрупа, якая складаецца з дзвюх падгруп: артапеды лечаць капыты жывёлы, другая падгрупа адказвае за прайграванне буйной рагатай жывёлы ў гаспадарках. Медыкаменты закупляюцца цэнтралізавана. Так, падтрымліваючы тэхнічна, эканамічна, арганізацыйна гаспадаркі, якія ўваходзяць у аб'яднанне, ААТ "Пастаўскі малочны завод" за 2,5 года ўклаў у іх 11 млн рублёў.
Уборачная: прагноз – аптымістычны!
Такім чынам, вось ужо 2,5 года дырэктар ААТ "Пастаўскі малочны завод" Канстанцін Гайлеўскі сочыць за ходам уборачнай не менш строга, чым любы з кіраўнікоў гаспадарак, якія ўваходзяць у аб'яднанне, а можа, нават і больш за некаторых з іх.
– Аб’яднанне ўжо выканала 100% дзяржзаказу па збожжы. У 2022 годзе, згодна з прагнозамі, валавы збор збожжа павінен вырасці да 150%. Уборка яшчэ не завершана, а мы перасягнулі леташні рубеж: у 2021-м валавы збор склаў 20 тысяч тон. Плануем атрымаць 32-33 тысячы тон збожжа, – распавядае Канстанцін Генрыхавіч.
Асноўная частка збожжавых пойдзе на корм жывёле. Агульная колькасць статкаў пяці гаспадарак – парадку 18 тысяч. Калі раней тры з пяці гаспадарак закуплялі дадаткова кармы, то цяпер хапае таго, што вырошчваюць самі. І з нарыхтоўкай зялёных кармоў парадак: ужо маецца 17 кармавых адзінак на адну галаву. Наперадзе трэці ўкос траў, нарыхтоўка кукурузы на сілас і збожжа.
Будаваць новыя МТК
Будучыню аграпрамысловай вытворчасці кіраўніцтва завода бачыць у будаўніцтве новых малочнатаварных комплексаў. Прадпрыемства выдзеліла 3,5 млн рублёў ААТ "Камайскі-АГРО" – на ўзвядзенне новага МТК. Акрамя гэтага, завадскія будаўнікі гаспадарчым спосабам пабудавалі адну з ферм гэтага комплексу. Падымаючы эканоміку гаспадарак аб’яднання, завод вырашыў і сам заняцца вытворчасцю малака. Гатова праектна-каштарысная дакументацыя МТК з даільнай залай на 400 галоў.
– Плануем пабудаваць комплекс за 2023 год. У 2025-м збіраемся узвесці яшчэ адзін, а яшчэ раней, вясной 2023-га, – сушыльны комплекс для збожжа.
Сучасны крок на шляху ўмацавання аграрнай гаспадаркі і харчовай бяспекі краіны ў цэлым!
Аб’яднанне ў лічбах:
- колькасць працаўнікоў – 1300 чал. (500 – завод і 800 – гаспадаркі);
- 18 тысяч буйной рагатай жывёлы;
- 1 тыс. рублёў – сярэдняя зарплата за 7 месяцаў (у гаспадарках – 800 рублёў).