Звадкаваны газ для камунальна-бытавога спажывання арганізацыямі падаражэў у Беларусі на 3,9%
У Беларусі павялічыліся гранічныя максімальныя цэны на звадкаваны газ для камунальна-бытавога спажывання арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле сувязяў з грамадскасцю Міністэрства эканомікі Беларусі.
Рашэнне аб павелічэнні цэн прынята пастановай Мінэканомікі ад 6 верасня 2013 года №67 "Аб унясенні змянення ў пастанову Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь ад 31 студзеня 2013 года №10".
У адпаведнасці з дадзенай пастановай, цана на газы вуглевадародныя звадкаваныя паліўныя для камунальна-бытавога спажывання, якія рэалізуюцца арганізацыям, што ўваходзяць у склад дзяржаўнага вытворчага аб'яднання па паліве і газіфікацыі "Белтопгаз", на ўмовах "франка-адпраўленне" павялічылася з Br1 424 540 да Br1 479 650 за тону, а на ўмовах "франка-склад арганізацыі-вытворцы" - з Br1 420 220 да Br1 475 170 за тону.
Адпускная цана на газы вуглевадародныя звадкаваныя паліўныя для камунальна-бытавога спажывання, якія рэалізуюцца арганізацыям, што не ўваходзяць у склад дзяржаўнага вытворчага аб'яднання па паліве і газіфікацыі "Белтопгаз", на ўмовах "франка-адпраўленне" і "франка-склад арганізацыі-вытворцы" фарміруецца з улікам рынкавай кан'юнктуры, гаворыцца ў тэксце пастановы.
Таксама адпускная цана на газы вуглевадародныя звадкаваныя паліўныя для камунальна-бытавога спажывання для запраўкі ў балоны, якія рэалізуюцца юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам на ўмовах "франка-склад арганізацыі-вытворцы", павялічылася з Br1 501 540 да Br1 559 630.
У сярэднім цэны павялічыліся на 3,9%. Дадзенае павелічэнне гранічных максімальных адпускных цэн зроблена з мэтай забеспячэння эфектыўнасці фінансава-эканамічнай дзейнасці нафтаперапрацоўчых арганізацый, адзначылі ў Мінэканомікі. Пастанова не датычыцца рознічных цэн на звадкаваны газ, які рэалізуецца насельніцтву, у тым ліку, у малалітражных балонах.
Дакумент уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.