Табакерка трыццатых гадоў мінулага стагоддзя вярнулася з Аўстрыі ў Віцебск

Табакерка трыццатых гадоў мінулага стагоддзя вярнулася з Аўстрыі ў Віцебск. Дзякуючы ініцыятыве жыхара Чалябінска новы музейны прадмет папоўніў калекцыю Віцебскага абласнога краязнаўчага музея, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.

Як растлумачылі ў музеі, у пачатку мая ў музей патэлефанаваў жыхар Чалябінска Максім Фрост і паведаміў, што хоча перадаць у музейныя фонды табакерку, якая звязана з гісторыяй Віцебска. Праз тыдзень пасля званка на паштовы адрас установы прыйшла пасылка, а на электронную пошту - суправаджальны ліст. У прыватнасці, у пасланні з Чалябінска напісана: "Сёння адправілі на адрас вашага музея табакерку, набытую летам 2013 года падчас паездкі па Аўстрыі. Мы апынуліся ў адной з антыкварных крамачак мястэчка Леаганг (федэральная зямля Зальцбург, акруга Цэль-ам-Зее). Гаспадар крамы распавёў нам, што набываў многае ў навакольных вёсках (падчас вайны ў многіх гаспадарках працавалі палонныя савецкія салдаты). Мы вырашылі, што табакерка павінна вярнуцца на радзіму. Спадзяёмся, што яна раскажа спецыялістам сваю гісторыю і знойдзе месца ў вашым музеі. З павагай, Максім, Мая, Пётр і Святлана Фрост".

На думку супрацоўнікаў музея, табакерка была выраблена ў Віцебску ў трыццатыя гады мінулага стагоддзя кустарным спосабам (самаробная). Прадмет не мае ні кляймаў, ні ініцыялаў, ні даты, ні ўказання на канкрэтнае месца вырабу. На верхняй вечку выгравіраваны надпіс "Пралетарыі ўсіх краін, злучайцеся /Віцебск". Захаванасць прадмета не поўная: на верхняй вечку і бакавой задняй сценцы маюцца сляды ад прыпаяных манет, згодна з меркаваннем, годнасцю 1 і 2 капейкі. "Для музея табакерка цікавая не толькі як прадмет, які характарызуе перыяд 1930 гадоў, але і сваёй гісторыяй. "Перажыўшы" жах вайны, палону, дзякуючы ініцыятыве і дапамозе Максіма Фроста табакерка вярнулася на радзіму. Спадзяемся з часам даведацца больш поўную і падрабязную інфармацыю аб гэтым прадмеце", - падкрэслілі ў музеі.

Алена Ціханава